Напярэдадні Новага года дзіцячыя ранішнікі праходзілі ў арганізацыях, на прадпрыемствах гарадскога пасёлка і раёна. 28 снежня работнікі раённага Цэнтра культуры падарылі святочнае прадстаўленне для дзяцей супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Хлопчыкі і дзяўчынкі, апранутыя ў касцюмы казачных персанажаў, разам з Дзедам Марозам і Снягурачкай дружна вадзілі карагоды вакол ёлкі, гарэзліва танцавалі, спявалі навагоднія песні, расказвалі вершы. І, вядома ж, не абышлося без падарункаў. Галоўныя дзеючыя героі ранішніка — Дзед Мароз і Снягурачка — падарылі ўсім дзецям салодкія пачастункі, павіншавалі з Новым годам, пажадалі быць здаровымі, паслухмянымі, заўсёды радаваць сваіх татаў і матуль.
На дзіцячае свята завітала шматдзетная дружная сям’я Янучкоўскіх: тата Аляксей, мама Ірына, дачка Аня і двое сыноў Іван і Кірыл. Дзеці з радаснымі ўсмешкамі на тварах разам з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі весяліліся каля ёлкі, удзельнічалі ў конкурсах. Тата з мамай, гледзячы на сваіх шчаслівых дзетак, самі нібы ўспомнілі часы далёкага і бесклапотнага дзяцінства.
Сяргей РАЙЧОНАК.