На працягу 40 гадоў калектыў лужкаўскіх медыкаў узначальвала ўрач агульнай практыкі Тамара Ціханаўна Захарэвіч

Актуальное

902На працягу чатырох дзесяцігоддзяў пры агульным медыцынскім стажы 46 год галоўным урачом Лужкаўскай участковай бальніцы адпрацавала Тамара Ціханаўна Захарэвіч. Шчырыя словы ўдзячнасці ад вялікай колькасці яе пацыентаў і сёння гучаць у адрас жанчыны, якая ў Лужках і наваколлі вылечыла не адно пакаленне людзей: у няпростых бытавых умовах праводзіла складаныя аперацыі, дапамагала пры родах, змагалася з цяжкімі захворваннямі і рабіла ўсё залежнае ад яе, каб дапамагчы сваім пацыентам.

У далёкім 1962 годзе яшчэ зусім маладая 22-гадовая дзяўчына з адзнакай закончыла Віцебскі медыцынскі інстытут па спецыяльнасці “лячэбная справа” і была накіравана ўрачом агульнай практыкі ў Лужкі — на сваё першае працоўнае месца. Нават цяжка ўявіць, што на пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета пражывала каля 12 тысяч чалавек. Сама ж мясцовая бальніца на 25 месцаў і радзільны дом у той час размяшчаліся ў старым, непрыдатным для лячэння людзей будынку з пячным ацяпленнем і земляной падлогай у некаторых бытавых памяшканнях. З транспарту — толькі гужавая павозка. А ў сувязі з тым, што якасных дарог у той час яшчэ не было, значыць і не было магчымасці своечасова і паспяхова давезці хворага чалавека ў райцэнтр, таму ўрач агульнай практыкі лячыла сваіх пацыентаў сама. Для мясцовага насельніцтва маладая жанчына-ўрач, якую ўжо праз тры гады прызначылі на пасаду кіраўніка Лужкаўскай участковай бальніцы, была і тэрапеўтам, і хірургам, і акушэркай, і дзіцячым урачом і ўсімі іншымі спецыялістамі. Работы было вельмі шмат.

— Цяпер людзі скардзяцца на чэргі ў паліклініках, — кажа Тамара Ціханаўна, — бачылі б вы, што было ў нас. Медыкі суткамі знаходзіліся на рабочых месцах, дзяжурылі ля сваіх пацыентаў. Змагаліся з інфекцыйнымі захворваннямі, з вялікай колькасцю іншых цяжкіх хвароб, праводзілі вакцынацыю дзяцей. Пры гэтым даводзілася угаворваць не толькі маленькіх пацыентаў, але і іх бацькоў. Бо новы метад пазбаўлення людзей ад страшных хвароб станоўча ўспрымалі далёка не ўсе. Неабходна было растлумачваць усё гэта людзям. Шмат часу праводзіла я і ў радзільным доме, дзе кожны год на свет з’яўлялася каля 100 дзяцей. Працавалі ўсе сумленна, не шкадуючы ўласных сіл і часу. Паступова паляпшаўся і дабрабыт нашай медыцынскай установы. Спачатку ў адрамантаваны будынак была пераведзена амбулаторыя. Адкрыўся зубаўрачэбны кабінет, іншыя профільныя кабінеты. Каб аддзяліць хворых пацыентаў ад цяжарных жанчын і дзяцей, быў зроблены асобны ўваход для наведвальнікаў дзіцячай і жаночай кансультацый. А ўжо ў 1990 годзе Лужкаўская ўчастковая бальніца была пераведзена ў новы будынак, у якім бальніца сястрынскага догляду знаходзіцца і сёння. Новая пабудаваная Лужкаўская бальніца была разлічана на 50 месцаў для пацыентаў у стацыянары і 100 наведвальнікаў амбулаторыі. Новую медыцынскую ўстанову абсталявалі ўсім неабходным. Былі тут і свой рэнтгенкабінет з рэнтгенапаратам і фізіякабінет, шмат іншага неабходнага абсталявання.

У новай бальніцы Тамара Ціханаўна адпрацавала да 2008 года — да выхаду на заслужаны адпачынак. Сярод узнагарод урача агульнай практыкі — нагрудны знак “Выдатнік устаноў аховы здароўя”, ордэны Знак Пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалі і Ганаровыя граматы. Неаднаразова сельскага доктара выбіралі дэпутатам раённага і абласнога Саветаў дэпутатаў.

Тамара Ціханаўна ўжо даўно пахавала мужа, былога кіраўніка саўгаса “Гарадзец”. Яна па-ранейшаму жыве ў Лужках. У гэтым жа населеным пункце разам з сям’ёй пражывае і яе сын Сяргей. Ён працуе ў сферы сельскай гаспадаркі на тэрыторыі суседняга Глыбоцкага раёна і займае адну з кіруючых пасад. Двое ўнукаў заслужанага ўрача ўжо таксама дарослыя. Унучка Маргарыта атрымала эканамічную адукацыю і працуе ў Мінску загадчыкам аддзела ў адной з кампаній мабільнай сувязі. Малодшы ўнук Мікалай у мінулым годзе закончыў ліцэй пры БДУ, вышэйшую адукацыю атрымлівае ў Санкт-Пецярбургу.

Напярэдадні чарговай гадавіны са дня заснавання  Шаркаўшчынскага раёна Тамара Ціханаўна жадае сваім землякам і ўсяму Шаркаўшчынскаму краю і яго жыхарам моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця. З задавальненнем далучаемся да гэтых пажаданняў.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *