19 студзеня — Дзень выратавальніка

Актуальное

Выратавальнікі-пажарныя першай і другой змен ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына
Выратавальнікі-пажарныя першай і другой змен ПАВЧ № 1 г. п. Шаркаўшчына

Учора ў нашай краіне сваё прафесійнае свята адзначылі людзі, якія кожны дзень, рызыкуючы сваім жыццём, спяшаюцца на дапамогу тым, хто трапіў у складаныя жыццёвыя абставіны. Сёння работа па ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару патрабуе высокай кваліфікацыі, ініцыятыўнасці, адказнасці і мужнасці. Прафесія выратавальніка — адна з самых цяжкіх, але, разам з тым, і самых высакародных. Яны і ў мірныя часы заўсёды знаходзяцца нібы на перадавой, абараняюць нас, наша жыццё і маёмасць ад стыхійных бедстваў.

У Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях працавалі раней і працуюць цяпер дынастыі выратавальнікаў-пажарных. Да іх ліку адносяцца вадзіцель Валерый Мечыслававіч Шчабол і яго сын Ілля. Валерый Мечыслававіч працуе ў пажарнай аварыйна-выратавальнай частцы гарадскога пасёлка з 2000 года. За перыяд сваёй службы мужчына зарэкамндаваў сябе са станоўча: бездакорна выконвае службовыя абавязкі, а калі трэба ў свой выхадны дзень выканаць тую ці іншую работу, Валерый Мечыслававіч заўсёды згаджаецца. Яго сын Ілля пасля заканчэння школы таксама вырашыў стаць вагняборцам. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у Гомельскім інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Затым па размеркаванні трапіў у Шаркаўшчынскі РАНС. З 2016 года ён працуе на пасадзе начальніка каравула. Служба маладому спецыялісту вельмі падабаецца, хоць яна і звязана з вялікай рызыкай для жыцця.

Крыху больш года працуе вадзіцелем Дзмітрый Крыўка на пажарным аварыйна-выратавальным посце № 13 аграгарадка Лужкі. У цяперашні час практыку ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях праходзяць навучэнцы Полацкага хіміка-тэхналагічнага каледжа Станіслаў Грыгаровіч і Марк Байкоўскі. Юнакі свядома абралі для сябе прафесію выратавальніка-пажарнага. Напрыклад, у Марка бацька Іван Станіслававіч працуе начальнікам пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 13 аграгарадка Лужкі.

Практыканты Марк Байкоўскі і Станіслаў Грыгаровіч
Практыканты Марк Байкоўскі і Станіслаў Грыгаровіч

— Менавіта дзякуючы бацьку я выбраў гэту прафесію, — кажа Марк. — У дзяцінстве я часта разам з ім быў на працы, бачыў пажарную тэхніку. Наогул, лічу, што дадзеная прафесія — гэта справа сапраўдных мужчын. Тут патрабуюцца трывалая фізічная загартоўка, веданне інструкцый па ліквідацыі тых або іншых пазаштатных сітуацый, а таксама валоданне высокімі маральна-дзелавымі якасцямі.

У будучым, пасля заканчэння каледжа, і Марк, і яго сябар Станіслаў плануюць паступаць ва ўніверсітэт грамадзянскай абароны МНС Рэспублікі Беларусь для набыцця вышэйшай адукацыі. Па ўсім бачна, што расце дастойная змена тым шаркаўшчынскім вагняборцам, якія ў хуткім часе перададуць сваю працоўную эстафету маладому пакаленню.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *