22 сакавіка беларусы святкуюць Саракі

Актуальное

22 сакавіка — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутавалі ў севасцейскім возеры. Народная назва свята, распаўсюджаная па ўсёй Беларусі, — Саракі. Саракі не адносяцца да двунадзясятых або вялікіх святаў царкоўнага года, але з’яўляюцца вельмі адметнай кропкай народнага календара.
Амаль паўсюдна на Віцебшчыне лічылі, што пасля Саракоў бывае яшчэ сорак маразоў. У сувязі з гэтым, на Саракі гатавалі сорак клёцак, выпякалі птушак, у прыватнасці жаўранкаў. У нашым раёне, раніцай перад усходам сонца, дзеці выбягалі на дравасетнікі — месца ў двары, дзе сякуць дровы, — хапалі трэсці і неслі ў хату. Потым іх лічылі. У чыім ахапку налічвалася сорак трэсак — таму пашчасціць (А. Скрэплёнак, 1923 г. н., в. Алашкі, Шаркаўшчынскага раёна). На Саракі куццю варылі з ячменю, каб многа пладоў было, каб зярна нарастала многа.
Лічаць, якое надвор’е было на Саракі — такое застанецца на сорак наступных дзён. Казалі: “На Саракі не начуй ля ракі — лёд можа крануцца”. Дзяўчаты выходзілі на ўзгоркі і гукалі, прызывалі вясну:
Благаславі, Божа
На ўзгорачку сесці,
Вясну загукаці, лецечка адмыкаці
Зіму замыкаці…
А. СУХАВЕРСКАЯ,
метадыст РМЦ па фальклору



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *