Забытыя традыцыі адраджае клуб майстроў “Талака”

Актуальное

IMG_4443 (Копировать)Калі заходзіць размова пра мастацтва, у нашым уяўленні узнікае вялікі горад, а ў ім музей, ці карцінная галерэя, дзе у прахалоднай урачыстасці залаў маўклівыя, засяроджанныя наведвальнікі нетаропка пераходзяць ад карціны да карціны. Але ёсць від мастацтва, пазнаёміцца з якім у яго жывым выглядзе можна хутчэй у сельскай мясцовасці, чым у горадзе. Гэта – народнае дэкаратыўнае мастацтва.

Жыллё і мэбля, адзенне і прадметы побыту, посуд і прылады працы у былыя часы ствараліся ў асяроддзі простага люду  — непрафесійнымі мастакамі,  народнымі майстрамі, разьбярамі, кавалямі, ганчарамі, пляцельшчыкамі, ткачыхамі і былі цесна звязаны з жыццём народа, яго звычаямі  і асаблівасцямі побыту. Такое мастацтва   называюць народным.

На тэрыторыі нашага раёна паспяхова адраджаюцца такія забытыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як маляванне дываноў, ткацтва рушнікоў, посцілак, паясоў, вышыўка традыцыйных арнаментаў, выцінанка, ганчарства, разьба па дрэве, пляценне павукоў і кошыкаў, аплікацыі з саломкі.  Усе яны былі  прадстаўлены на выставе “Кола году” у Віцебскім абласным метадычным Цэнтры народнай творчасці,  дзе нядаўна адбылося  ўрачыстае адкрыццё выставы творчых работ удзельнікаў  клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Талака” Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў.

-Адкрыццё выставы работ шаркаўшчынскіх майстроў у Віцебску стала своеасаблівай справаздачай калектыву ўдзельнікаў народнага клуба за апошнія тры гады,-паведаміла кіраўнік гэтага клуба Святлана Заіка. -На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Дзяніс Валер’евіч Юрчак, вядучы метадыст  па народнаму сцэнічнаму касцюму  Людміла Вакар, народны клуб майстроў “Дубрава”са сваёй выставай з горада Дуброўна. З уступным словам да прысутных напачатку мерапрыемства звярнулася дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў  Вікторыя Казіміраўна Дубоўская. Яна расказала гасцям пра дзейнасць клуба майстроў “Талака” у нашым гарадскім пасёлку  і ўспомніла імёны людзей, якія з’яўляюцца членамі клуба з першых дзён яго заснавання (на працягу 30 гадоў). Гэта Ірына Герасімаўна Лебедзева, Павел Уладзіміравіч Казак, Людміла Мікалаеўна Маяк. А ў ліку самых актыўных удзельнікаў, прадставіўшых свае работы на выставу, Вікторыя Казіміраўна назвала Мікалая Грышчанку, Алу Рабіза, Алену Дзяхцяр, майстроў Шаркаўшчынскага Цэнтра рамёстваў і Дома ганчара.

Дырэктар абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Кацярына Лабука і кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар звярнулі ўвагу на высокі ўзровень тэхнікі малявання дываноў Вольгі Беласлудцавай, аплікацыю з саломкі  Алы Леднік, на тканыя посцілкі Ганны Рымдзёнак, разьбу па дрэве Яўгена Ананіча, саламяныя павукі Вікторыі Дубоўскай і іншыя вырабы шаркаўшчынскіх майстроў.

Падчас адкрыцця выставы ў Віцебску свае майстар-класы для яе наведвальнікаў правялі Сяргей Рымдзёнак (па вырабу глінянай свістулькі) і Ірына Груніна (па вырабу абярэжнай лялькі).

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *