Шаркаўшчынская дэлегацыя пабывала на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, і на ўшанаванні лаўрэатаў прэміі «Чалавек года Віцебшчыны—2017»

Актуальное

IMG_4643

2 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” абласнога цэнтра адбылася ўрачыстасць, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці, а таксама ўшанаванне лаўрэатаў ганаровае званне “Чалавек года Віцебшчыны-2017”. Госці не толькі з Віцебшчыны, але і з усёй Беларусі, з некаторых рэгіёнаў Расіі прыехалі ў той дзень у Віцебск, каб павіншаваць працаўнікоў паўночнага рэгіёну з адметнай датай у гісторыі — 80-годдзем вобласці. Сярод запрошаных былі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэту Дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка Павел Каллаур, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Аляксандр Субоцін, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу.
На пачатку ўрачыстасці Уладзімір Андрэйчанка зачытаў Падзяку Кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі працаўнікам Віцебшчыны за значны ўклад ва ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці і ў сувязі з 80-годдзем са дня ўтварэння вобласці. Прыемным сюрпрызам стаў той факт, што са сродкаў рэзервовага фонду Прэзідэнта выдзелены 1 мільён рублёў на фінансаванне ў 2018 годзе рэканструкцыі корпуса абласнога клінічнага анкалагічнага дыспансера.
— Гэта ўзнагарода — высокая ацэнка работы многіх пакаленняў працаўнікоў. 80 гадоў — гэта не проста круглая дата, а напамін пра тое, што Віцебская вобласць мае багатую гісторыю, багатыя духоўныя і культурныя традыцыі. Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца і ў прамысловасці, аграрным сектары, сацыяльнай сферы, але самае вялікае дасягненне — цудоўныя людзі, якія працуюць на гэтай зямлі. Людзі працалюбівыя, прадпрымальныя, таленавітыя, гасцінныя, — сказаў у сваёй прамове Уладзімір Паўлавіч.
Уладзімір Андрэйчанка таксама ўручыў старшыні аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, якой адзначана Віцебская вобласць.
— Гісторыя вобласці — гэта не толькі яе навейшыя старонкі, напісаныя за восем дзясяткаў гадоў, але гэта і багатая панарама мінулых стагоддзяў. 80-годдзе — гэта пэўная вяха, калі можна ўбачыць, чым жыў рэгіён учора і што трэба зрабіць, каб заўтра жыццё стала лепшым, — адзначыў у сваім выступленні Мікалай Шарстнёў.
Кіраўнік рэгіёну падзякаваў былым кіраўнікам вобласці і ўручыў Ганаровыя дыпломы і знакі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў Уладзіміру Кулакову (працаваў старшынёй аблвыканкама з 1984 па 1994 год), Уладзіміру Андрэйчанку (1994—2008 гады), Аляксандру Косінцу (2008—2014 гады).
Кіраўнік вобласці назваў імёны тых, хто ў розныя часы працаваў на адказных пасадах і ўнёс вялікі ўклад у развіццё прыдзвінскага краю, — Уладзіміра Грыгор’ева, Аляксандра Ацясава, Пятра Рубіса, Уладзіміра Лабанка, Сяргея Кабяка, Сяргея Шабашова, Івана Шыбеку, Аляксандра Аксёнава, Яўгена Емяльянава.
Як ужо адзначалася, падчас урачыстасці, прысвечанай юбілею вобласці, праходзіла цырымонія ўшанавання лаурэатаў конкурсу “Чалавек года Віцебшчыны-2017” (дарэчы, гэта цырымонія таксама была юбілейнай — праводзілася ў дзясяты раз). Сёлета колькасць узнагароджаных скарацілася да 50 чалавек (раней было 100), засталося толькі 5 намінацый (у папярэднія гады іх было 20).
На пачатку губернатар адзначыў, што жыхары Віцебшчыны заўсёды былі добрымі працаўнікамі і абаронцамі Айчыны. На нашай зямлі выраслі 312 Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай працы, Герояў Беларусі, Герояў Расійскай Федэрацыі і поўных кавалераў ордэнаў Славы і Працоўнай Славы.
Трэба адзначыць, што сёння Віцебская вобласць з’яўляецца развітым прамыслова-аграрным рэгіёнам. У нас выпрацоўваецца трэцяя частка ўсёй электраэнергіі краіны, выпускаецца 100% рэспубліканскага аб’ёму даламітавай мукі, больш за 90% ільняных тканін, палімераў этылену, дываноў, звыш 50% абутку.
Віцебшчына падтрымлівае знешнегандлёвыя адносіны з 110 краінамі. За межы Беларусі пастаўляецца больш паловы прадукцыі, якая выпускаецца ў вобласці. За мінулы год экспарт павялічыўся ў паўтара раза.
Павялічваюцца аб’ёмы сельскагаспадарчай прадукцыі, ствараюцца буйныя холдынгі, якія з’яўляюцца флагманамі аграрнага сектару. У 2017 годзе адкрылася каля 300 прадпрыемстваў і вытворчасцей. На новыя працоўныя месцы працаўладкаваны каля 6 тысяч чалавек.
— Прафесіяналы — залаты фонд нашага краю. Наша агульная мэта — замацаваць станоўчыя тэндэнцыі развіцця рэгіёну, зрабіць яго квітнеючым і шчаслівым, — адзначыў Мікалай Шарстнёў.
Трэба адзначыць, што сёлета не ўсе рэгіёны мелі сваіх лаўрэатаў ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны”. А Шаркаўшчынскаму раёну ёсць чым ганарыцца: Мікалай Шарстнёў адрасаваў найлепшыя пажаданні нашаму земляку Аляксею Малышу, трактарысту-машыністу ААТ “Ельня-Агра”, які стаў лаўрэатам у намінацыі “Аграпрамысловы комплекс, ахова навакольнага асяроддзя, лясная гаспадарка”.
Завяршылася ўрачыстасць святочным канцэртам лепшых мастацкіх калектываў вобласці. Удзельнікі і госці мерапрыемства мелі магчымасць паспрабаваць прадукцыю вядучых харчовых прадпрыемстваў Віцебшчыны.
У той дзень, 2 лютага, у аблвыканкаме ўшанавалі людзей, якія ўнеслі значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Віцебшчыны. Прыемна, што сярод іншых быў і наш зямляк — былы трактарыст-машыніст калгаса “1 Мая” Дзмітрый Дабравольскі. Старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручылі працаўніку з Шаркаўшчынскага раёна, кавалеру ордэна Працоўнай Славы трох ступеняў, ганаровы дыплом і памятны медаль.
Аляксандр БАРЫЛА.

IMG_4631 IMG_4633 IMG_4636 IMG_4639 IMG_4648 IMG_4652 IMG_4654

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *