Па папярэдніх дадзеных, у 2017 годзе ў беларускіх лясах было адстрэлена 1600 ваўкоў,-паведаміў на нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр лясной гаспадаркі Міхаіл Амельяновіч. -Ваўкі сёння – гэта бяда, і іх колькасць неабходна змяншаць. Адзін воўк за год з’ядае каля двух тон мяса. А ў лясах ужо не стала дзікага кабана, які з’яўляўся для ваўка галоўнай ежай. Застаюцца лосі, алені і касулі.”
— У лясах і на палетках нашага раёна, як і ва ўсёй краіне, ваўкоў шмат, і паляванне на гэтага шэрага драпежніка праводзіцца круглы год. Ваўкі выдатна прыстасоўваюцца да ўмоў суровай рэчаіснасці і, нягледзячы на круглагадзічнае паляванне, іх колькасць у нашых угоддзях не толькі не змяншаецца, але і на працягу двух апошніх гадоў істотна павялічылася, адзначыў вядусы паляўнічазнаўца Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” Алег Аляксандравіч Селях. — Гэта пацвярджае і той факт, што ў мінулым годзе ў сельскай гаспадарцы былі зафіксаваны выпадкі знішчэння лісамі і ваўкамі хатняй жывёлы . Таму барацьба з драпежнікамі ў лясах нашага рэгііёну заслугоўвае асаблівай увагі паляўнічых.Тым больш, што напачатку года для засялення ў лясны масіў на тэрыторыю раёна было завезена 50 высакародных аленяў, якія зараз утрымліваюцца ў вальеры, а напачатку лета будуць выпушчаны на волю.
— Алег Аляксандравіч, скажыце, калі ласка, якія меры прадстаўнікамі “Беларускага таварыства паляўнічых рыбаловаў сёння прымаюцца для таго, каб урэгуляваць колькасць шэрых драпежнікаў у дзікай прыродзе?
— Каб папуляцыя аленяў у лясных угоддзях нашага краю павялічвалася, неабходна зменшыць колькасць драпежнікаў. А ў сувязі з тым, што паляванне на ваўка патрабуе ад паляўнічых не толькі значных фізічных і маральных сіл, але і пэўных матэрыяльных затрат і часу, былі прыняты меры дадатковага заахвочвання. Згодна з рашэннем абласной арганізацыі “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў» паляўнічыя за адстрэл ад 3 да 5 ваўкоў (3 самкі або 5 самцоў) узнагароджваюцца дазволам на здабычу аднаго лася.
У сваю чаргу, Шаркаўшчынская раённая арганізацыя “Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” выказвае вялікую ўдзячнасць паляўнічым, якія прымаюць найбольш актыўны ўдзел у паляванні на шэрага драпежніка. Гэта Чэслаў Пугаўка, Рамуальд Рачыцкі, Алег Стрыжонак, Святаслаў Сяліцкі, Іван Байкоўскі, Аляксандр Пастушкоў, Віктар Паляк і іншыя жыхары раёна, якія імкнуцца ўрэгуляваць колькасць ваўкоў у лясных угоддзях нашага краю.
Зімовы перыяд – аптымальны час для палявання на ляснога драпежніка. І хоць наперадзе яшчэ амаль ўвесь апошні месяц зімы, раскажыце калі ласка, наколькі ўдалым паляванне на ваўкоў было для прадстаўнікоў шаркаўшчынскага таварыства ?
-Першы снег паказаў, што па-ранейшаму ваўкоў у нашых лясах шмат, таму паляўнічымі раёна актыўна праводзяцца аблавы на шэрых драпежнікаў.Калі казаць пра рэзультаты, то яны наступныя: ва ўрочышчы Савіцкія з надыходам першага снегу паляўнічым удалося дабыць 4 ваўкоў, 2 – у красоўшчынскім лесе. А сапраўдным трафеем для нашых паляўнічых стаў шэры драпежнік, які ў апошнія дні студзеня быў здабыты ва ўрочышчы Якубова (Більдзюжскі сельскі Савет). Гэта надзвычай вялікі звер і па памеры, і па вазе, самы вялікі воўк, адстрэлены ў апошнія гады ў нашым наваколлі. На думку спецыялістаў яго ўзрост налічвае не менш 10 гадоў. Трафейны экспанат быў здабыты паляўнічым Чэславам Пугаўкам разам з калектывам паляўнічых у колькасці 6 чалавек падчас зімсовага палявання на ваўкоў.
У мінулым годзе прадстаўнікамі Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў было адстрэлена 12 ваўкоў.
Работа па адстрэлу драпежнікаў (не толькі ваўкоў, але і ліс, якіх таксама ў нашых лясах вельмі шмат) будзе абавязкова працягвацца. Бо калі ў лесе не хопіць корму, галодныя звяры могуць ажыццяўляць набегі і на хатнюю жывёлу. У наша таварыства ад мясцовага насельніцтва не раз паступала інфармацыя аб тым, што на пэўнай тэрыторыі былі заўважаны ваўкі. Калі ў жыхароў раёна з’явіцца інфармацыя аб месцы знаходжання шэрых драпежнікаў, тэлефануйце ў Шаркаўшчынскую раённую арганізацыю Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў па тэлефоне 8 (02154) 6-16-29.
-Дзякуй за размову!


