Шаркаўчанін Канстанцін Дзмітрыевіч Дабравольскі прыняў удзел ва ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці

Актуальное

7992 лютага ў канцэртнай зале “Віцебск” прайшло ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Віцебскай вобласці. Павіншавалі жыхароў прыдзвінскага краю з юбілеем старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Камітэта дзяржкантролю Леанід Анфімаў, старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур, памочнік Прэзідэнта краіны Аляксандр Косінец, кіраўнікі міністэрстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпусу, ганаровыя госці са шматлікіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі.
— Мы невыпадкова сабралі ў зале тых людзей, якія стваралі гісторыю нашай зямлі на працягу 80 год, і пакаленне, якое сёння працуе дзеля дабрабыту Віцебшчыны, — сказаў у сваёй прамове старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў. — Гэта яднанне вопыту, мудрасці і сучаснасці. Мы ўдзячныя ветэранам за працу, яны — жывая легенда, гісторыя.
Кіраўнік вобласці і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў уручылі ветэранам ганаровыя дыпломы і памятныя медалі. Сярод узнагароджаных і кавалер ордэна Працоўнай Славы, былы механізатар калгаса імя Леніна нашага раёна Канстанцін Дабравольскі. Ветэран вельмі ўдзячны, што прадстаўнікі ўлады сёння не забываюць былых перадавікоў розных галін вытворчасці.
— Свой працоўны шлях я пачаў у 1956 годзе, — дзеліцца ўспамінамі ветэран, — спачатку быў прычэпшчыкам. Пасля праходжання тэрміновай вайсковай службы ў 1963 годзе вярнуўся ў родны калгас і стаў працаваць механізатарам. Увесь гэты час кіраваў рычагамі гусенічных трактараў. Работа была не з лёгкіх, бо ў рамонце гэтыя трактары самыя складаныя. Да выхаду на заслужаны адпачынак я не здрадзіў сваёй прафесіі. Нават цяпер душа замірае, калі чую рокат трактара. Упэўнены, што яшчэ змог бы папрацаваць на карысць раёна, каб дазваляла здароўе. Наогул, любыя цяжкасці можна пераадолець, калі моцна любіць сваю работу.
Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *