Як справіліся ў гаспадарках раёна з патрабаваннем губернатара паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці да 15 сакавіка

Сельское хозяйство

Губернатарам вобласці была пастаўлена задача: да 15 сакавіка ўсю тэхніку, якая будзе задзейнічана на веснавых палявых работах, паставіць на лінейку гатоўнасці.
На палях нашага раёна будуць працаваць 480 механізатараў. Прычым, каля 30 чалавек — шэфы з арганізацый і прадпрыемстваў раёна і вобласці. У дзве змены будуць працаваць энерганасычаныя трактары. Сваю практыку пройдуць у час палявых работ тры навучэнцы ліцэя, якія асвоілі тэхніку і атрымаюць часовыя пасведчанні.
Як паказала праверка спецыялістамі райсельгасхарчу 15 сакавіка, хоць сёння гатовы ў поле механізатары ААТ “Жвіранка”, “Даватарскі”, “Васюкі”, КУВСП “Гарадзец” і імя Маркава.
Дарэчы, першай прадэманстравала сваю гатоўнасць інжынерная служба ААТ “Жвіранка” у час абласнога семінара. У гаспадарцы на пляцоўцы мехмайстэрні стаялі розныя віды тэхнікі, у тым ліку дзве “Расы” і іншыя агрэгаты для падкормкі азімых культур. Не толькі паставілі на лінейку гатоўнасці ўсю наяўную тэхніку, а і паказалі самаробныя глебаапрацоўчыя прычапныя агрэгаты для энерганасычаных трактараў, рэканструяваныя дэталі да імпартнага агрэгата “Амазонэ”. Шмат увагі начальнікам упраўлення райсельгасхарчу Дзмітрыем Міхайлавічам Ламакам было звернута на прымяненне на нашых землях агрэгата “Раса”. Дарэчы, у гаспадарках раёна іх 13 і толькі за мінулы год набыта 9. Як толькі пачынаецца вегетацыя азімых культур, па нашых пераўвільготненых глебах можа прайсці толькі гэты дзіўны агрэгат. Арганізуюцца, як звычайна, работы ў дзве змены і за дзень можна будзе падкарміць да 200—250 гектараў азімых. Акрамя таго, “Расой” уносяцца і гліфасаты.
А вось, калі пасля праводзілі праверку гатоўнасці тэхнікі спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу ў астатніх гаспадарках раёна, то малюнак быў іншы. Зразумела, Ірына Генадзьеўна Міхалёнак і Уладзімір Георгіевіч Іваноў — намеснікі начальніка райсельгасхарчу адпаведна па раслінаводству і механізацыі, імкнуліся выявіць і ўказаць на негатыўны бок справы. Там дзе добра, то і гаварыць не прыходзіцца. А дзе ёсць заўвагі, на іх акцэнтавалі ўвагу ў час правядзення чарговай калегіі ўпраўлення райсельгасхарчу. Упершую чаргу, павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці тыя ж “Росы”, аднак у некаторых з іх кола спушчана, у іншых розныя непаладкі. Зразумела, што сродкаў на набыццё запчастак і матэрыялаў не хапае. Але элементарныя рэчы, на якія было ўказана, выправіць неабходна.
Не менш складана вырашаецца пытанне з забеспячэннем паліва-змазачнымі матэрыяламі. Для гэтага неабходна распрацаваць комплекс мер па прадухіленню крадзяжу паліва. Як будуць спраўляцца з такой праблемай, зноў жа паказалі на абласным семінары ў ААТ “Жвіранка”. Дырэктар Андрэй Паўлавіч Пальчэх расказаў прысутным аб тыя, што яны ўкаранілі на энерганасычаных трактарах і іншай тэхніцы электронную сістэму кантролю расходу паліва. Для гэтага закупілі два віды спецыяльных датчыкаў, дзесяць з якіх ужо ўстанавілі. Дадзеныя расходу паліва праз іх выводзяцца на асноўны камп’ютар. Такім чынам можна будзе ведаць: працуе дадзены трактар або не, колькі ён расходваў паліва, на якім полі ўрабляе глебу. Такая сістэма дазволіць зэканоміць ад 30 да 50 працэнтаў паліва. Як паведаміў на калегіі Уладзімір Георгіевіч Іваноў, па метаду “Жвіранкі” будзе абсталявана энерганасычаная тэхніка ва ўсіх гаспадарках раёна.
Праблемным застаецца пытанне з заменай гумы. На гэта патрабуецца 896 мільёнаў рублёў. Часткова на такія паслугі будзе затрачана 379 мільёнаў бюджэтных сродкаў, выдзеленых вобласцю.
Прадугледжваецца ўсё неабходнае, каб тэхніка на палях працавала бездакорна, а паліва расходвалася па нормах.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *