Напрыканцы мінулага месяца Шаркаўшчынскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі прымаў гасцей. Да дзяцей, якія займаюцца ў цэнтры, завіталі юныя артысты лялечнага тэатра “Батлейка” Велікасельскай ДС—СШ разам з благачынным цэркваў Шаркаўшчынскага раёна, пратаіерэем Пятром Бараноўскім. З дапамогай лялечнага тэатра вучні 8 і 9 класаў Велікасельскай школы прадэманстравалі юным гледачам і іх педагогам спектакль “Дзяўчынка з запалкамі” па матывах казкі Ганса Хрысціяна Андэрсэна, а некалькі музычных танцавальных нумароў выканалі дзяўчынкі пачатковай школы.
Лялечны тэатр “Батлейка” ў Велікасельскай ДС—СШ створана каля 5 гадоў назад па ініцыятыве дырэктара навучальнай установы Юрыя Часлававіча Матуля. З той пары распрацоўка сцэнарыяў, рэпетыцыі і, безумоўна, самі выступленні, асабліва выязныя, сталі для хлопчыкаў і дзяўчынак адной з самых любімых спраў. Узначальвае работу тэатра ў школе настаўніца беларускай і рускай мовы і літаратуры Людміла Рамуальдаўна Хаданёнак. А вельмі прыгожыя лялькі для батлеечнага тэатра ствараюць самі супрацоўнікі школы — Іна Расціславаўна Іванова і Марына Фёдараўна Еўдакімава.
Яшчэ ў дзяцінстве чалавек павінен прайсці школу выхавання добрых пачуццяў, у гэтым упэўнены дырэктар Велікасельскай ДС—СШ Юрый Часлававіч Матуль. І напярэдадні значных рэлігійных святаў юныя артысты з задавальненнем наведваюць дзіцячыя садкі, іншыя ўстановы нашага гарадскога пасёлка і раёна, каб парадаваць гледачоў цікавымі батлеечнымі пастаноўкамі на рэлігійную тэматыку, падарыць ім свята і добры настрой. Вось і ў цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі выступленне лялечнага тэатра прайшло ў цёплай душэўнай атмасферы і было адзначана гучнымі апладысментамі ўсіх прысутных.
Шаркаўшчынскі цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі ў гэтым годзе наведваюць 19 дзяцей, 10 з якіх — дзеці-інваліды. Словы падзякі юным артыстам з Вялікага Сяла і іх педагогам выказала дырэктар цэнтра Алена Мікалаеўна Рылова. Благачынны цэркваў Шаркаўшчынскага раёна, пратаіерэй Пётр Бараноўскі, які асабіста прысутнічаў на мерапрыемстве, прачытаў малітвы і ўручыў усім прысутным дзецям салодкія падарункі. Цікавыя батлеечныя пастаноўкі школьнага тэатра ў гэты дзень таксама змаглі ўбачыць наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН. А дабрачынныя акцыі з удзелам “Батлейкі” будуць абавязкова працягвацца, запэўнілі юныя артысты з Вялікага Сяла, у ліку якіх Таццяна Бяляй, Дзмітрый Суднік, Карына Кашненка, Ірына Бука і Вераніка Пабяржына. Зрабіць выступленне лялечнага тэатра яшчэ больш цікавым ім дапамаглі вучаніцы 3-4 класаў: Аляксандра Пабяржына, Яна Раханская, Аня Рубніковіч, Ліза Еўдакімава, Анастасія Івуланс і Марыя Дзяшук.