Нашкодзіў адзін малаказдатчык, пацярпелі — многія.

Сельское хозяйство

Як вядома, закупам малака ў насельніцтва цяпер займаюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы “МолТрансЭкспресс” і “Леон ин Ком”. Такая сістэма работы зарэкамендавала сябе з самага лепшага боку. У выйгрышы застаюцца і малаказборшчыкі, і малаказдатчыкі. А ўзнікаючыя праблемы па тлустасці малака, яго чысціні вырашаюцца аператыўна пасля правядзення адпаведных аперацый. Тым больш, што малаказборшчыкі працуюць на аўтамабілях, маюць неабходныя прыборы і інструменты для пярвічнага аналізу якасці паступаючай прадукцыі. За рэдкім выключэннем малаказдатчыкі прад’яўляюць прэтэнзіі, па якіх прымаюцца адпаведныя меры. А вось у малаказборшчыкаў, калі яны і ўзнікаюць, то вельмі сур’ёзныя.
Спашлёмся на канкрэтны прыклад. Паміж прадпрыемствам “МолТрансЭкспресс” і кожным малаказдатчыкам заключаецца адпаведны дагавор, у якім ёсць наступныя пункты: “не прадаваць малако ад хворай і пралечанай каровы на працягу ўказанага ветурачом тэрміну”, “папярэджваць “Пакупніка” аб захворваннях і лячэнні каровы”, “пры ўтойванні факта лячэння каровы і здачы малака з утрыманнем лекавых сродкаў (антыбіётыкаў) “Пакупнік” мае права скасаваць дагавор з малаказдатчыкам тэрмінам на 2 месяцы”. А непрыемная сітуацыя ўзнікла з-за таго, што “Пакупнік” 10 сакавіка закупіў ад насельніцтва 1.700 кілаграмаў малака. Аднак пасля праверкі ў лабараторыі Шаркаўшчынскага вытворчага ўчастка Глыбоцкага МКК у здаваемай прадукцыі былі выяўлены антыбіётыкі. Усю партыю прадпрыемства забракавала. Малако давялося вярнуць малаказдатчыкам для рэалізацыі на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы. Падобны малюнак паўтарыўся і 11 сакавіка, калі ў цыстэрне было 1.300 кілаграмаў малака.
—    Давялося прымаць неардынарныя меры для выяўлення нядобрасумленнага малаказдатчыка, — расказаў у час сустрэчы кіраўнік прадпрыемства “МолТрансЭкспресс” В. В. ШАРЫПА. — Сакрэты нашай “аператыўнай” работы раскрываць не буду, адзначу толькі, што спосабаў і метадаў устанаўлення такой асобы дастаткова. І мы зрабілі гэта аператыўна. Нашкодзіла грамадзянка Т., якая пражывае на тэрыторыі ААТ “Агратэхсэрвіс”. На першы раз прозвішча называць не буду, а вось пры аналагічным паўтарэнні яно будзе агучана ў сродках масавай інфармацыі. Бо такія людзі з-за некалькіх тысяч рублёў псуюць прадукцыі амаль на 10 мільёнаў. Страты нясуць добрасумленныя малаказдатчыкі, асабліва тыя, у каго 3—5 кароў і яны здаюць да 100 кілаграмаў малака за суткі. Нагадаю, што закупачная цана аднаго кілаграма прадукцыі пры базіснай тлустасці на сённяшні дзень складае 2.317 рублёў. Вывад — шкодзіць адзін, а страты нясуць многія. З грамадзянкай Т. праведзена адпаведная растлумачальная работа з мэтай недапушчэння падобных выпадкаў у будучым.
Яшчэ адзін даволі цікавы факт, які заслугоўвае ўвагі. У малацэ выяўлены антыбіётыкі тэтрацыклінавай групы. Як паведамілі рэдакцыі спецыялісты раённай ветэрынарнай станцыі, медыкаментамі з утрыманнем антыбіётыкаў такой групы яны ўжо не карыстаюцца некалькі год. Значыць, гаспадыня для лячэння хворай каровы дастала лекі са сваіх старых запасаў. Не выключана, што тэрмін годнасці іх скончыўся і не карысць у такім выпадку можна прынесці жывёліне, а нават ускладніць захворванне. Так што і тут ёсць сэнс падумаць, каб не панесці вялікія страты ў сваёй гаспадарцы.
Праблема заражэння малака антыбіётыкамі на сённяшні дзень актуальная, бо аналагічных выпадкаў на тэрыторыі раёна зарэгістравана даволі шмат, што значна ўплывае і на колькасць закупляемай прадукцыі ў цэлым. Недавыконваюцца планавыя паказчыкі з усімі выцякаючымі адсюль вынікамі.
Мясцовыя ўлады прыкладваюць шмат намаганняў для арганізацыі закупу малака, ідуць насустрач пажаданням здатчыкаў. Так будзе і надалей, бо на сённяшні дзень з уласных падворкаў адгружаецца ў агульны бідон амаль шостая частка валавага надою малака. А згодна з патрабаваннямі яно павінна адпавядаць усім параметрам.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *