
Заўтра ўсе мы, мужчыны, ад усяго сэрца будзем дзякаваць сваім матулям, жонкам, сёстрам, калегам па працы за іх нястомнасць, чуласць, уменне рабіць свет прыгожым, прывабным і радасным. Жанчыны адораны вялікай сілаю любові, дабрыні і суперажывання. Яны натхняюць нас на подзвігі і працоўныя здзяйсненні.
Вясна — гэта нараджэнне, сіла і надзея. Вясна вяршыць дзень сённяшні, дае ўстаноўку на заўтрашні. Вось і жанчына, нібы тая вясна, увасабляе ў сабе росквіт жыцця, напаўняе яго глыбінным сэнсам, дорыць кожнаму найвялікшую каштоўнасць — мацярынскую любоў.
Сярод шматлікіх прадстаўніц лепшай паловы чалавецтва нашага раёна 8 сакавіка словы сардэчных віншаванняў, найлепшых пажаданняў і разнастайныя падарункі будзе прымаць і прыгожая шаркаўчанка Марына Шапалоўская.
— Дзень жанчын, які лічыцца ў нашай краіне дзяржаўным святам, і сёння не страчвае сваёй актуальнасці, — упэўнена Марына. — За будзённымі справамі, за вірлівымі і мітуслівымі падзеямі нашага насычанага жыцця так прыемна адчуваць, калі любыя і дарагія твайму сэрцу мужчыны надзяляюць цябе асаблівымі ўвагай і клопатам. Як звычайна, першым з Днём жанчын з самага ранку мяне віншуе тата Анатолій Уладзіміравіч. Потым падарункі я атрымліваю ад сына Артура і мужа Эрдгарда. Калегі-мужчыны таксама не абыходзяць увагай у гэты святочны дзень жаночую палову нашага невялікага, але дружнага і з’яднанага калектыву суда Шаркаўшчынскага раёна, дзе я працую вядучым спецыялістам. Ад іх мы чуем словы ўдзячнасці, павагі, захаплення. Асабіста для сябе я лічу, што нават падарункі не адыгрываюць вялікую ролю 8 сакавіка. Галоўнае, што табе дораць шчырасць і дабрыню, якія можна ўбачыць у пяшчотнай усмешцы і добразычлівым позірку вачэй.
Сяргей РАЙЧОНАК