Наш раён з рабочай паездкай наведала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў

Ахова працы Прафсаюзы

IMG_7921У мэтах ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы 5 сакавіка наш раён з рабочай паездкай наведала рэйдавая група тэхнічнай інспекцыі працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. У складзе групы былі галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Святлана Кутузава і тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі Уладзімір Ціхаміраў. У сумесным рэйдзе прынялі ўдзел прадстаўнікі раённых прафсаюзных структур, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

У час працы інспектары наведалі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы гарадскога пасёлка і раёна. Пры правядзенні кантролю асаблівая ўвага надавалася бяспецы эксплуатацыі тэхналагічнага абсталявання, прымяненню сродкаў індывідуальнай аховы, наяўнасці нарматыўна-прававых дакументаў па ахове працы, рабоце грамадскіх інспектараў па ахове працы. Удзел у адным з рэйдаў прыняў і карэспандэнт нашай газеты.

У гаспадарках раёна ідуць работы па рамонце сельгасмашын для правядзення пасяўной кампаніі. Таму інспектары вырашылі пабываць у механічных майстэрнях. Спачатку наведалі ААТ “Даватарскі”. Далёка не ў кожным сельгаспрадпрыемстве можна назіраць чысціню і парадак у памяшканнях, дзе вядзецца рамонт тэхнікі. У Пяліках гэтаму пытанню надаюць належную ўвагу. Тым не менш, інспектары зрабілі шэраг заўваг загадчыку механічных майстэрняў, спецыялісту па ахове працы па некаторых пытаннях бяспекі пры выкананні рамонтных работ сельскагаспадарчай тэхнікі. Механізатарамі эксплуатуецца кран-балка, а тэрмін яе тэхнічнага агляду скончыўся ў снежні мінулага года. У большасці трактарыстаў і вадзіцеляў у наяўнасці самы мінімальны набор медыкаментаў у аптэчках, а гэта таксама з’яўляецца грубым парушэннем. Інспектары абследавалі санітарна-бытавыя памяшканні. Тут адсутнічае цэнтральнае водазабеспячэнне. У стацыянарным умывальніку няма вады. Загадчык механічных майстэрняў патлумачыў яе адсутнасць адмоўнымі тэмпературамі ў памяшканнях.

Шмат пытанняў узнікла па наяўнасці некаторых інструкцый, журналаў вядзення інструктажу працоўных. Як падкрэсліла Святлана Кутузава, механічныя майстэрні з’яўляюцца ўчасткам з павышанай небяспекай. Таму відавочна, што ў пытаннях аховы працы работнікаў сельгаспрадпрыемства не можа быць дробязей. Адказныя асобы атрымалі пэўныя кансультацыі і тэрмін для выпраўлення дапушчаных памылак.

У той жа дзень ў вялікай зале райвыканкама прайшоў вучоба-семінар па пытаннях аховы працы і тэхніцы бяспекі. На яго былі запрошаны спецыялісты па ахове працы, старшыні прафсаюзных камітэтаў, пазаштатныя інспектары па ахове працы арганізацый і ўстаноў Шаркаўшчынскага раёна. У рабоце семінара прынялі ўдзел і выступілі галоўны тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя Святлана Кутузава, тэхнічны інспектар працы Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў спажыўкааперацыі Уладзімір Ціхаміраў і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін. Прысутныя падчас семінара змаглі атрымаць грунтоўныя адказы на ўзнятыя пытанні, якія адносяцца да нарматыўна-прававых дакументаў у галіне аховы працы.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_1083 IMG_1089 IMG_7907 IMG_7912 IMG_7915 IMG_7916



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *