Са справаздачнага сходу ў ААТ «Васюкі»

Сельское хозяйство

дырэктар гаспадаркі В. М. Арцюшэўскі ўручае падарунак ветэрану працы Віктару Мефодзьевічу Кукоўскаму

Завяршыліся справаздачныя сходы ў гаспадарках раёна. Сельскія працаўнікі падвялі вынікі зробленаму, улічылі пралікі і недапрацоўкі, вызначылі планы на гэты год.
Сход адкрытага акцыянернага таварыства прайшоў і ў “Васюках”. Дырэктару гаспадаркі Віктару Мар’янавічу Арцюшэўскаму непрыемна было у сваім дакладзе агучваць лічбы, якія не адпавядаюць планавым паказчыкам ні ў раслінаводстве, ні ў жывёлагадоўлі. Таму не станем іх пералічваць, а звернем увагу на недахопы, якія не далі магчымасці гаспадарцы ўзняцца на больш высокую ступень. Калі гаварыць пра раслінаводства, то не заўсёды захоўвалі тэхналогію вырошчвання сельскагаспадарчых культур. Дрэнна выраблялася глеба перад сяўбой культур, не своечасова праводзіўся догляд пасеваў. Вельмі расцягнутымі былі тэрміны ўборкі зерневых культур. Дастаткова сказаць, што замест 15 дзён па тэхналогі, зерневыя ўбіралі больш як месяц. Неэфектыўна выкарыстоўвалася энерганасычаная тэхніка.
У жывёлагадоўлі нізкімі застаюцца прывагі жывёлы, вялікім яе невытворчае выбыццё, зніжаецца валавая вытворчасць малака, узнікаюць праблемы з захаванасцю і ўзнаўленнем статка. Таму што няма мэтанакіраванай работы па ўзнаўленню статка, не захоўваецца распарадак працоўнага дня, адсутнічаюць прагулкі жывёлы, маюць месца выпадкі антысанітарыі на фермах, не на належным узроўні арганізавана трохразовае даенне кароў, здараецца, што прыходзяць людзі на работу ў нецвярозым стане, не заўсёды выконваюцца работнікамі патрабаванні спецыялістаў.
Большасць недахопаў у вытворчасці прадукцыі звязана з нізкай якасцю кармоў. Напрыклад, удзельная вага зернебабовых у структуры зерневых у мінулым годзе складала 0,6 працэнта пры норме 15.
Шмат праблем узнікала і з падрыхтоўкай тэхнікі да работы ў полі. Не на карысць сельскаму сейбіту было надвор’е, аднак асноўную ролю ў атрыманні прадукцыі ўсё ж адыгрывае чалавечы фактар.
Фінансавыя праблемы ўзнікалі там, дзе выручаных грошай не хапала для вядзення расшыранай вытворчасці. Шляхі іх вырашэння зразумелыя: павышэнне прадукцыйнасці галін земляробства і жывёлагадоўлі.

перадавая даярка Н. В. Корзун

Аднак не ўсё так дрэнна. Ёсць каму і з кім працаваць у гаспадарцы. З вялікай адказнасцю адносяцца да даручанай справы аператары машыннага даення В. М. Буйчонак, І. М. Андрэйчык, Г. А. Руткоўская, Н. В. Корзун, С. В. Ганчар, аператары па адкорму і вырошчванню буйной рагатай жывёлы М. П. Чабатаронак, А. М. Гуліеў, В. С. Ярмош, механізатары А. М. Ласоўскі, П. Б. Курыловіч, А. М. Змітровіч, А. С. Лаўрыновіч, А. В. Мядзюха, І. І. Зялёнка, Б. К. Андрэйчык, П. М. Лалыка і многія іншыя.
Трэба і астатнім раўняцца на перадавікоў і  тады можна дасягаць поспехаў.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *