Сёлета ў дзіцячай бібліятэкі юбілей. 55-годдзе сваёй установы бібліятэкары вырашылі адзначыць без залішняй сур’ёзнасці і пампезнасці. Сваім маленькім наведвальнікам яны падарылі тэатралізаваную казку “Каралеўства кніг”. Бібліятэкар Людміла Казіцкая сама напісала яе сцэнарый, а ролі таленавіта выканалі ўдзельнікі літаратурнага клуба “Жывое слова”, які дзейнічае пры дзіцячай бібліятэцы.
Згодна з сюжэтам Каралеўству кніг пагражае сур’ёзнае небяспека — Інтэрнет, сучасныя тэхналогіі, разнастайныя гаджэты перашкаджаюць сяброўству юных чытачоў з кнігамі. Каралева кніг (Вераніка Арлова), унук самага вядомага паштальёна Вася Печкін (Улад Смерцьеў), Фея Казак (Іра Дземідовіч), Гном (Аляксей Арлоў) даказалі дзвюм Феям-Нечытахам (сёстры Вікторыя і Вераніка Смерцьевы), што ва ўсе часы кніга застаецца для дзяцей крыніцай ведаў, узбагачае фантазію, развівае мысленне, вучыць дабру. Як жа можна абысціся без кнігі? Вядома ж, ніяк. Гэта добра зразумелі Феі-Нечытахі, а таксама маленькія гледачы, якія актыўна ўдзельнічалі ў розных конкурсах і адказвалі на пытанні герояў казкі. Напрыканцы малышы змаглі пакінуць у “Рукатворнай кнізе”, якая з’яўляецца гонарам дзіцячай бібліятэкі, свае пажаданні і віншаванні з днём нараджэння.
А зрабіць прадстаўленне больш яскравым дапамаглі ўдзельніцы эстраднай дзіцячай студыі “Карамелькі” з кіраўніком калектыву Жаннай Пундзіс.
Мерапрыемства праходзіла ў межах тыдня дзіцячай кнігі.
Андрэй БУРЭЦ


























