Такі валейбол нам патрэбны! Вынікі чэмпіяната раёна па валейболе сярод жанчын

Спорт

каманда-пераможца з ААТ “Княж” (злева направа Валянціна Фёдарава, Таццяна Сапун, Анна Хаданёнак, Валерыя Скарбоўская, Аксана Віткоўская, Марына Фёдарава)

Аматары спорту старэйшага ўзросту павінны памятаць выраз вядомага спартыўнага каментатара Мікалая Озерава “…такі хакей нам не патрэбны”. Маецца на ўвазе першая серыя міжнародных хакейных матчаў паміж зборнымі Канады і СССР. Канадцы дзеля выйгшыру, які б даказваў перавагу іх стылю гульні, не грэбавалі грубымі парушэннямі правілаў, правакавалі бойкі, на якія савецкія майстры не мелі права адказваць па палітычных матывах. А вось прысутнічаючы на чэмпіянаце раёна па валейболе сярод жанчын зрабіў супрацьлеглы вывад — такі валейбол нам патрэбен. Шкада толькі, што адсутнасць належнай рэкламы “не загрузіла” спартыўную залу РДК прадстаўнікамі моцнай паловы чалавецтва, якія маглі б надаць спаборніцтвам больш эмацыянальную атмасферу.
Першапачаткова планавалася правесці першынство сярод чатырох мацнейшых каманд па кругавой сістэме. Аднак практычна ў дзень спаборніцтваў іх колькасць павялічылася да шасці, што крыху ўскладніла сітуацыю па прычыне ўзросшай колькасці сустрэч. Давялося разбіцца ў дзве падгрупы з далейшым правядзеннем стыкавых гульняў.
У першай падгрупе (“Агратэхсэрвіс”, СШ № 1 (вучні), СШ № 1 (настаўнікі) перамаглі ў дзвюх сустрэчах і занялі першае месца настаўнікі СШ № 1. На другім — “Агратэхсэрвіс”, на трэцім — маладзёжная каманда.
У другой падгрупе найбольш упэўнена, як і чакалася, выступілі валейбалісткі “Княжа”. Яны практычна без праблем “разабраліся” са сваім сапернікамі з аб’яднанай каманды ЦРБ/“Беларусбанк” і райспажыўтаварыства. У сваю чаргу ЦРБ/“Беларусбанк” перамаглі прадстаўнікоў гандлёвай сістэмы.
Стыкавыя пары выглядалі наступным чынам:
за пятае—шостае месцы — райспажыўтаварыства—СШ № 1 (дзяўчаты). Перамаглі маладзейшыя;
за трэцяе—чацвёртае месцы — ЦРБ/“Беларусбанк”—“Агратэхсэрвіс”. Перамогу святкавалі валейбалісткі медустановы і банка;
за першае—другое месцы —  “Княж”—СШ № 1 (настаўнікі). З лікам 2:0 перамаглі сельскія валейбалісткі і заканамерна сталі чэмпіёнамі раёна ў 2012 годзе.
Пераможцам спаборніцтваў уручаны кубак і дыплом, прызёрам —

лепшы ігрок першынства Анна Ракоца (у цэнтры).

дыпломы. Выканалі гэтую місію старшыня раённага спартыўнага клуба Уладзімір Рафаловіч і дырэктар Шаркаўшчынскай дзіцячай спартыўнай школы Наталля Арэшкава. Лепшым іграком прызнана Анна Ракоца.
Крыху з уласных назіранняў. Даволі прыстойна гулялі, стараліся, перажывалі, хаця і не давалі эмоцыям пералівацца цераз край. У кожнай камандзе было штосьці сваё, адметнае, што і прымушала перажываць за тых, хто аказваўся крыху слабейшым.
Каманда райспажыўтаварыства заняла апошняе месца. Аднак ім ёсць на каго раўняцца. І ў першую чаргу прыклад браць з той “зорнай” дружыны, якая раней больш дзясятка гадоў перамагала ў першынстве раёна і спаборніцтвах на прыз газеты “Кліч Радзімы”. Варта толькі больш настойліва трэніравацца.
Прыемна засвяцілася моладзь. Зусім нядаўна выйгралі першынство сярод школ раёна. Вырашылі паспрабаваць сябе на больш высокім дарослым узроўні. І ў некаторых партыях аказвалі дастойнае супраціўленне. Малайцы! Іншага слова для ацэнкі іх выступлення не падбярэш.
У пастаянных пошуках шляхоў да перамогі Людміла Рагачэўская з ААТ “Агратэхсэрвіс”. Спрабуе з’яднаць у адзінае цэлае вопыт і маладосць. Думаецца, што пры такой настойлівасці ў каманды ёсць перспектывы.
Бронзаваму прызёру, а гэта аб’яднаная каманда ЦРБ/“Беларусбанк”, давялося саступіць у першай сустрэчы будучым пераможцам. Але потым яны рэабілітаваліся і даказалі, што шлях да перамогі толькі адзін — найчасцей наведваць спартыўную залу і ўдасканальваць сваё майстэрства. Нездарма ігрок каманды Анна Ракоца прызнана лепшай валейбалісткай першынства.
Каманда педагогаў упэўнена дайшла да фінальнай сустрэчы, хаця яўных лідараў у яе саставе няма. Роўны падбор, адказнасць, упэўненасць у большасці выпадкаў дазволілі заняць другое месца.
Цяпер пра пераможцаў. У чарговы раз прадэманстравалі дастойную падрыхтоўку валейбалісткі з ААТ “Княж”. Поспех забяспечылі наступныя складаючыя: моцныя і практычна беспамылковыя падачы, мяккі прыём і пас, дзве—тры валейбалісткі заўсёды гатовы выканаць нападаючы ўдар. Заканамернае “золата”.
Эдуард КОРСАК



2 комментария по теме “Такі валейбол нам патрэбны! Вынікі чэмпіяната раёна па валейболе сярод жанчын

  1. фагот, а ты можежь что-то конкретное предложить по поводу фотографий, а не писать под каждой фотографией один и тот же коментарий?

  2. Фото как под копирку и главное грамота впереди. Одно и то же. Хромает фото в газете.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *