У адкрытым акцыянерным таварыстве “Буеўшчына” працуе шмат добрасумленных работнікаў, якія адказна адносяцца да выканання даручанай справы. Пра гэта гаварыў на справаздачным сходзе кіраўнік гаспадаркі Анатолій Буда. Сярод іншых дырэктар сельгаспрадпрыемства назваў і імя механізатара Ігара Грайчонка.
Мужчына нарадзіўся і вырас у гэтых мясцінах. Пасля тэрміновай службы пайшоў працаваць у тагачасны калгас 1-га Мая.
— З той пары прайшло шмат часу, — кажа нам Ігар, — але не шкадую, што застаўся ў сельскай мясцовасці. Тут усё сваё, роднае, блізкае сэрцу. Тут жывуць шчырыя і спагадлівыя людзі — родныя, сябры, знаёмыя. Тыя, хто заўсёды прыйдзе на дапамогу, каму і сам карысць сваімі справамі можаш прынесці.
Увесь гэты час я працую механізатарам. У маладосці асвоіў энерганасычаны трактар Т-150, якіх у гаспадарках ужо і не засталося. Затым быў МТЗ-80. А апошнія гады працую на МТЗ-1221, выконваю самыя розныя віды работ. Дваццаць чатыры сезоны запар, пачынаючы з 1994 года, як толькі саспее збажына, саджуся за штурвал зернеўборачнага камбайна. Убіраў ураджай на камбайнах Дон-1500, КЗС-10, КЗС-1218. Шчыра кажучы, вясковай працы не баюся, якой бы цяжкай яна ні была. А дома, пасля работы, мяне заўсёды чакае надзейны тыл — жонка Аксана і малодшы сын Арцём. Часта ў госці наведваецца старэйшы сын Аляксандр, які пражывае ў Глыбокім.
У аграрыяў пачалася гарачая пара — вясенняя сяўба. Зусім хутка палявыя работы разгарнуцца шырокім фронтам. Вось і Ігар Грайчонак, не губляючы часу зімой, падрыхтаваў свой энерганасычаны “Беларус”, каб разам з іншымі механізатарамі гаспадаркі зладжана, якасна і ў аптымальныя тэрміны правесці веснавую пасяўную кампанію.
Сяргей РАЙЧОНАК.