Вадзіца ў малацэ маладзіцу не ўпрыгожвае. Пра праблему разбаўлення здатчыкамі малака вадой

Актуальное

У адным з папярэдніх нумароў нашай газеты быў змешчаны матэрыял пад назвай “Нашкодзіў адзін, пацярпелі — многія”. Размова вялася пра здачу малака ад хворых ці пралечаных кароў, што забараняецца заключаным дагаворам. Яно з наяўнасцю антыбіётыкаў не прымаецца Шаркаўшчынскім вытворчым участкам Глыбоцкага МКК.
Сёння мы зноў вяртаемся да якасці здаваемага насельніцтвам малака. Толькі прычына іншая — малаказдатчыкі дабаўляюць у прадукцыю ваду.
Вось што расказаў нашаму карэспандэнту дырэктар прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “МолТрансЭкспресс” Віктар Вітальевіч ШАРЫПА:
—    20 сакавіка наш малаказборшчык займаўся звыклай справай на тэрыторыі ААТ “Жвіранка”. Прывёз на Шаркаўшчынскі вытворчы ўчастак Глыбоцкага МКК 1350 кілаграмаў малака, аднак з-за павышанага ўтрымання вады, а гэта 200 літраў, яго не прынялі. Давялося назаўтра на рэзервнай машыне развозіць забракаваную прадукцыю, несці дадатковыя страты. Пацярпелі і сумленныя здатчыкі, якія ні ў чым не вінаватыя.
Праблема разбаўлення малака вадой не новая, але яе неабходна пераадолець. Згодна з дагаворам наш вадзіцель-лабарант абавязаны адбіраць пробы кожную дзесяцідзёнку (разлік ажыццяўляецца падэкадна), але мае права рабіць гэта і па свайму меркаванню, у залежнасці ад сітуацыі. Аналіз, які праводзіцца ў прадпрыемстве, паказвае, што ў нядобрасумленных здатчыкаў у дзень адбору проб малака яно неразбаўленае, а потым паступова колькасць вады павялічваецца да 10 працэнтаў. А аднойчы быў выпадак, што дзесяцілітровае вядро напоўнілі амаль чыстай вадой, бо малака ў ім знаходзілася толькі дзясятая частка.
Мірыцца з такой сітуацыяй мы не намераны. Павялічым колькасць раптоўных, не па графіку, аналізаў. Паднялі дакументы прыёму малака і яго якасці за 2 месяцы. Усім, хто трапіў у “чорны спісак”, накіруем заказныя пісьмы-папярэджванні аб парушэнні адпаведнага пункта дагавора, бо мы маем права не прымаць малако ад нядобрасумленных здатчыкаў на працягу 10 дзён. Копіі такіх пісьмаў дашлём у раённы Савет дэпутатаў і выканкамы сельскіх Саветаў. Аналагічна мы паступілі ў мінулым годзе і справа палепшылася. Аднак жаданне павялічыць свой прыбытак за кошт няякаснага малака ў некаторых пераадольвае, сумленнасць адыходзіць на другі план і раствараецца ў вадзе. Але ж вадзіца ў малацэ маладзіцу не ўпрыгожвае, а хутчэй наадварот. Так што, паважаныя малаказдатчыкі, заклікаю вас узаемадзейнічаць на сумленных адносінах. Не трэба папракаць работнікаў прадпрыемства, суседзяў, нібы тыя даліваюць ваду ў чужы посуд, дажджлівае надвор’е. Кожны няхай усебакова ацэніць свае ўчынкі перад тым, як ставіць вядро з малаком на вызначанае месца.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *