Ветэран-падводнік Барыс Лявонцьевіч Руткоўскі сустрэўся з вучнямі Навасельскай школы і расказаў шмат цікавага пра сваю прафесію

Молодежь

у час сустрэчы ў Навасельскай пачатковай школе-садзе

19 сакавіка ў Расіі адзначаўся дзень марака-падводніка. І хоць у нашай краіне мора, на жаль, не ўбачыш, але ўсё ж магчымасць даведацца больш падрабязна пра асаблівасці гэтай няпростай і небяспечнай прафесіі ўпускаць не варта, — упэўнена бібліятэкар Навасельскай бібліятэкі Марына Фёдарава. Па ініцыятыве гэтай жанчыны напрыканцы сакавіка цікавае мерапрыемства адбылося ў Навасельскай пачатковай школе-садзе, у рамках якога на сустрэчу з вучнямі завітаў ветэран-падводнік, капітан-лейтэнант запасу Барыс Лявонцьевіч Руткоўскі. Чалавек, пра якога ідзе размова, ураджэнец нашага раёна, і 3 гады назад, будучы ўжо на заслужаным адпачынку, Барыс Лявонцьевіч вярнуўся на малую Радзіму, у вёску Болкалы. Але значная частка яго жыцця (звыш 40 гадоў) звязана з Расіяй і горадам Северадзвінскам, размешчаным на беразе Белага мора. Яшчэ ў маладосці Барыс Лявонцьевіч быў прызваны на флот, дзе праходзіў тэрміновую ваенную службу ў якасці радыётэлеграфіста-падводніка: настройваў апаратуру, без якой немагчыма ажыццяўляць сувязь экіпажа з берагавымі службамі. За 4 гады прайшоў шлях ад курсанта да старшыны каманды тэлеграфістаў падводнай лодкі, а пасля заканчэння тэрміновай службы пачаў працаваць на судабудаўнічым заводзе.
У час цікавай сустрэчы маленькія слухачы многае даведаліся пра асаблівасці цікавай і вельмі адказнай прафесіі марака-падводніка і пра тую небяспеку, якую яна ў сабе тоіць, азнаёміліся з рознымі мадэлямі падводных лодак і кнігай, якую Барыс Лявонцьевіч напісаў пра сваю дзейнасць. Дзеці з цікавасцю слухалі госця, задавалі яму пытанні. Асабліва дзяўчынкі, якія, як высветлілася, не могуць стаць маракамі-падводнікамі. Вельмі ўжо складаная спецыфіка такой работы — неразрыўна звязаная з рызыкай для жыцця і экстрэмальнымі сітуацыямі. Таму прадстаўляць гэту прафесію могуць толькі мужчыны.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *