Пасяўная—2018. У ААТ «Агратэхсэрвіс» робяць стаўку на новую сучасную тэхніку

Сельское хозяйство

механізатар ААТ “Агратэхсэрвіс” Валерый Фёдараў
механізатар ААТ “Агратэхсэрвіс” Валерый Фёдараў

Вясна цяпер у самым разгары. Аграрыі раёна працуюць на поўную моц, каб скарыстаць кожны пагодны дзень і ў самыя аптымальныя тэрміны правесці пасяўную кампанію. 20 красавіка мы наведалі ААТ “Агратэхсэрвіс”. Пра ход пасяўной у гаспадарцы нашаму карэспандэнту расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Леанід Іванавіч Зубовіч.

— Сёлета яравы клін зерневых павінен скласці 2.848 га, — паведаміў Леанід Іванавіч. — Акрамя таго дадаткова яшчэ трэба пасеяць кукурузу, яравы рапс, аднагадовыя. Работы праводзім па меры высыхання глебы ва ўсіх аддзяленнях гаспадаркі. У наяўнасці маем дастатковую колькасць мінеральных удабрэнняў, насенне, у тым ліку і элітнае. Пасля таго як культыватарамі падрыхтуецца глеба, не губляючы часу, накіроўваем пасяўныя агрэгаты, іх у нас тры адзінкі. За светлавы дзень засяваем плошчу прыкладна ў 70 га.

20 красавіка першы раз вывеў на палеткі свой новы “Кіравец” з шыроказахопнай сеялкай нямецкай вытворчасці “Амазон” механізатар Валерый Фёдараў. Магутная тэхніка працавала на сяўбе ячменю паблізу вёскі Папкі.

— Да атрымання новага К-744 восем год я працаваў на энерганасычаным МТЗ-3022, — расказаў нам малады механізатар. — Цяпер жа кіраўніцтва гаспадаркі даверыла мне гэту тэхніку. Шырыня захопу сеялкі складае 12 метраў. Плошча высеву насення — 12 га за адзін час працы, аб’ём бункера — 5 тон.

У высокай вытворчасці сеялкі “Амазон” мы ўласна ўпэўніліся, калі крыху больш, чым за тры гадзіны 40-гектарнае поле было цалкам засеяна. Таму, дзякуючы новай сеялцы, значна ўзрастуць і плошчы з загорнутым у глебу насеннем. Менавіта на новую тэхніку і робяць стаўку ў “Агратэхсэрвісе”. Дарэчы, дадзеная гаспадарка ўвайшла ў склад інтэграванай структуры, створанай на базе Глыбоцкага камбікормавага завода. Цяпер сельгаспрадпрыемства атрымала ад аграхолдынга тры трактары К-744 і адзін МТЗ-3522 з прычапным інвентаром. Несумненна, новая тэхніка паспрыяе павышэнню тэмпаў працы ў “Агратэхсэрвісе”.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_3326 IMG_3329 IMG_3335 IMG_3337



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *