Кожную вясну, пасля таго, як растае снег і падсохне зямля, у краіне праходзяць мерапрыемствы па добраўпарадкаванні двароў, вуліц, прывядзенні ў належны стан тэрыторый населеных пунктаў. 21 красавіка ў Беларусі прайшоў рэспубліканскі суботнік, прысвечаны Году малой радзімы. Жыхары Шаркаўшчынскага раёна не засталіся ў баку ад такога надзвычай важнага мерапрыемства і прынялі ў ім самы актыўны ўдзел.
Работнікі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў на замацаваных тэрыторыях прыбіралі смецце, зграбалі і вывозілі леташнія лісце, сухую траву, галіны дрэў. Напрыклад, настаўнікі і вучні сярэдняй школы №1 абапал стадыёна высаджвалі слівы. Працоўныя ДБУ-26 займаліся ўкладкай бардзюраў для новага тратуара па вуліцы Маладзёжнай. Работнікі Шаркаўшчынскага ПМС правялі добраўпарадкаванне стадыёна ў мікрараёне меліяратараў. Спецыялісты ўстаноў культуры, адукацыі, аховы здароўя на замацаваных тэрыторыях высаджвалі кветкі, займаліся пабелкай дрэў. Дзяржслужачыя і работнікі райвыканкама прыводзілі ў належны стан цэнтральны гарадскі сквер на плошчы Леніна.
Як нам паведамілі ў раённым выканаўчым камітэце, грашовыя сродкі, заробленыя падчас суботніка, у добраахвотным парадку пералічаныя на рахунак Шаркаўшчынскага райвыканкама.
Сяргей РАЙЧОНАК.