Расказ пра ферму Пашкі ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

слесар фермы Пашкі С. К. Пяткевіч

На ферме Пашкі ААТ “Агратэхсэрвіс” утрымліваецца звыш 180 кароў. Частка з іх ужо ацялілася. Пакуль статак пойдзе ў поле, цяляткі падрастуць, а ад кароў можна будзе атрымліваць добрыя надоі. На ферме працуюць мясцовыя, адказныя за сваю справу працаўнікі. 26 гадоў доіць кароў Дзмітрый Ананьевіч Чарняўскі, свой вопыт ён перадае Аляксею Паўлавічу Арлюкевічу. Шмат год працуюць даяркамі Алена Васільеўна Курылёнак, Алена Мікалаеўна Савушкіна. Даяркі і дояры па чарзе карыстаюцца выхаднымі днямі, бо ў гэты час іх падмяняе Святлана Тадэвушаўна Андзілеўка. Сочыць за парадкам на ферме дзённы вартаўнік Алеся Сяргееўна Сямчонак, акрамя гэтага яна выконвае розныя даручэнні загадчыцы фермы Зоі Сяргееўны Атрашкевіч.
Дастаўляюць жывёле кармы ў памяшканне даглядчыкі Мікалай Анатольевіч Курылёнак, Дзмітрый Сяргеевіч Сямчонак і Аляксандр Пятровіч Кухта. Як толькі статак выйдзе на пашавае ўтрыманне, яны будуць пасвіць яго.
Хоць ферма старога ўзору і механізавана толькі выдаленне гною з памяшкання, усё ж работы слесару хапае кожны дзень. А займаецца слясарнымі справамі Сяргей Канстанцінавіч Пяткевіч.
— Без яго мы як без рук, — гаварыла пры сустрэчы Зоя Сяргееўна. — Штосьці зламаецца, нешта выйдзе са строю і Канстанцінавіч тут як тут.
Трэба сказаць, што лідарства ў сваім калектыве трымаюць А. М. Савушкіна і Дз. А. Чарняўскі, якія за два месяцы надаілі па 22 тоны малака. Аднак сярод ферм гаспадаркі Пашкі не займаюць прызавога месца. А ўсё таму, што дояць кароў уручную (няма малакаправода), на кожнага работніка вялікая нагрузка — па 44 каровы трэба выдаіць. Раздача кармоў не механізавана. Усё гэта складае своеасаблівыя цяжкасці.
Спадзяюцца тутэйшыя жывёлаводы, што ў іх ім будзе магчымасць працаваць на новым малочна-таварным комплексе, і з нецярпеннем чакаюць завяршэння яго будаўніцтва.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *