Станіслаў Верушэўскі — «Чалавек года Віцебшчыны»

Актуальное

Больш за гадзіну мы няспешна аглядвалі тэрыторыю дзяржаўнай установы сацыяльнага абслугоўвання “Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. І з кожнай хвілінай дзесьці ў глыбіні душы ўмацоўвалася думка аб тым, што ўпаўне заканамерна і аб’ектыўна “Чалавекам года Віцебшчыны” у намінацыі “Занятасць. Сацыяльная абарона” прызнаны яе дырэктар Станіслаў Альфонсавіч Верушэўскі.
Больш-менш цеснае ўласнае знаёмства са Станіславам Альфонсавічам пачалося пасля таго, як ён узначаліў калгас “Свабода”. Супрацоўніку раённай газеты даводзілася рыхтаваць матэрыялы пра тыя станоўчыя перамены ў гаспадарцы, якія, дзякуючы прабіўной здольнасці кіраўніка, знаходзілі грунтоўную прапіску на палях і жывёлагадоўчых фермах, у сацыяльнай сферы. З першых дзён самастойнага гаспадарання, хаця ці было яно самастойным, трыццацігадовы кіраўнік вучыў працаваць так, каб на аснове дасягнення высокіх эканамічных паказчыкаў значна паляпшаць дабрабыт вяскоўцаў.
Адкуль з’явілася такая рыса характару? Нарадзіўся ў працавітай сям’і, з малку не цураўся ніякай работы па дамашняй гаспадарцы. Нібы губка ўпітваў талковыя парады старэйшых. Пасля заканчэння школы і службы ў радах Савецкай Арміі ўладкаваўся майстрам-наладчыкам у раённым аддзяленні сельгасхіміі. Адчуваючы недахоп спецыяльных ведаў, паступіў на агранамічны факультэт Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума, які паспяхова закончыў, стаў сапраўдным тэхнолагам палёў, тым больш, што ў той перыяд кіраўніцтва саўгаса імя Маркава даверыла яму ўзначаліць комплексную брыгаду. А брыгадзіру даводзілася вырашаць шматлікія арганізацыйныя пытанні, бо многія работы паляводы выконвалі ўручную, асабліва на льняным і бураковым палетках.
Чарговай прыступкай жыццёвага шляху стаў калгас “Усход”, дзе па накіраванні райкама партыі Станіслаў Альфонсавіч заняў пасаду намесніка старшыні. На працягу чатырох гадоў паспяхова спалучаў абавязкі па гаспадарчай дзейнасці і выхаваўчай рабоце, бо тады намеснік старшыні ўзначальваў пярвічную партыйную арганізацыю. Прыкладваў максімум намаганняў, каб на аснове высокай працоўнай дысцыпліны дабівацца станоўчых вынікаў у вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі. Адчувалася, і гэта заўважыла кіраўніцтва раёна, што падрастае сапраўдны кіраўнік, здольны на нешта большае. І не памыліліся, калі ў 1981 годзе даверылі калгас “Свабода”. Не сказаць, што гаспадарка была даволі слабай, але праблем тут накапілася шмат. І каб вырашыць іх патрэбны быў больш смелы, ініцыятыўны старшыня, які мог бы ўдыхнуць у калектыў другое дыханне і павесці за сабой.
—    Няпроста даводзілася, — успамінаў у час размовы Станіслаў Альфонсавіч. — Пераадольвала жаданне вывесці  гаспадарку ў лік лепшых у раёне. Укараненне новых форм арганізацыі працы, выхаваўчая работа, будаўніцтва аб’ектаў вытворчага прызначэння і сацыяльнай сферы, дарог, жылля, набыццё тэхнікі, мінеральных удабрэнняў і сродкаў аховы раслін. Станоўчыя вынікі прынеслі і новыя падыходы да вядзення жывёлагадоўлі.
Не сакрэт, што не заўсёды навінкі старшыні падабаліся механізатарам, жывёлаводам і нават спецыялістам. Ад кожнага з іх патрабавалася добрасумленнае выкананне непасрэдных абавязкаў. Аднак за параўнальна кароткі тэрмін удалося змяніць псіхалогію людзей, хаця не выключэннем былі і прагулы без уважлівых прычын, і з’яўленне на рабоце ў нецвярозым стане, і нават непадпарадкаванне. І тым не менш, хто сумленна працаваў, той і заробак меў больш высокі. Важную ролю адыграла і ўвядзенне каэфіцыента працоўнага ўдзелу — важнейшага стымулу і своеасаблівага кантралёра. Дакладны ўлік зробленага і яго якасці вялі штодзённа, а вынікі падсумоўвалі штомесячна.
Не надта мнагаслоўны Станіслаў Альфонсавіч заўсёды прыводзіў у прыклад перадавікоў спаборніцтва. Але не толькі маральныя меры былі на яго ўзбраенні. Сумленна працуеш — можна і тэхніку новую даверыць, і больш адказную аперацыю на зямлі-карміліцы выканаць, і групу дойных кароў сфарміраваць так, каб надоі былі не 2—3 тысячы, а 4—5. А адсюль і заробкі ў перадавікоў. У 90-я гады калгаснікі цанілі рубель, раўняліся на перадавікоў, бо быць у павазе і пашане ў кіраўніка гаспадаркі, асабліва ў Верушэўскага, было не так проста. Зразумелі калгаснікі: старшыня слоў на вецер не кідае. За старанне — узнагарода, за лайдацтва — пакаранне. Але апошняга з кожным днём станавілася ўсё менш. Пра калгас “Свабода” загаварылі ў раёне і вобласці. На яго базе праводзіліся семінары і нарады розных узроўняў, бо было на што паглядзець, што пераняць. Вельмі важнае, на мой погляд, назіранне. Тут практычна ніколі не рыхтаваліся да прыезду дэлегацый ні на машынным двары, ні на жывёлагадоўчай ферме. Быў проста рабочы парадак, які забяспечваў належнае ўтрыманне машынна-трактарнага парка і жывёлагадоўчых памяшканняў, высокую культуру агратэхнікі на палях укаранёных у гаспадарцы севазваротаў. Радзілі сельгаскультуры, адпаведны даход атрымлівалі ад рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. А ёсць грошы ў касе — гаспадар заўсёды знойдзе для іх такое прымяненне, каб памножыць прыбытак, зрабіць жыццё членаў калектыву больш заможным.
Так у пастаянных напружаных сялянскіх буднях вясной сеялі, восенню ўбіралі. Дзяржава высока ацаніла 17-гадовы старшынёўскі ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны, узнагародзіўшы Станіслава Альфонсавіча бронзавым медалём выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР “За дасягненні ў сельскай гаспадарцы”. І цяпер, бываючы ў былым калгасе “Свабода”, хаця многа выглядае далёка не так, канстатуем, што тут працаваў адданы сваёй справе чалавек, які вучыў, выхоўваў, асабістым прыкладам пацвярджаў знаёмую ісціну: мае той, хто працуе без ляноты ў сэрцы, а стараецца зрабіць як мага больш для людзей.
Жыццё не стаіць на месцы, а імкліва, нібы паўнаводная рака ў час паводкі, бяжыць далей, ставячы перад сабой новыя задачы, вырашэнне якіх у вельмі вялікай ступені залежыць ад асабістага характару і пастаўленай мэты. Менавіта таму, з улікам некаторых абставін, не забываючыся пра вышэй узгаданую ісціну, Станіслаў Альфонсавіч з падвоенай энергіяй узяўся за новую для сябе, але такую неабходную справу. У 1998 годзе ўзначаліў Дзяржаўную ўстанову сацыяльнага абслугоўвання “Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў”. Дзякуючы арганізатарскім здольнасцям і дзелавым якасцям, ён здолеў стварыць калектыўныя адносіны да працы работнікаў дома-інтэрната. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам ва ўстанове рэалізуюцца асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў галіне сацыяльнай абароны і абслугоўвання насельніцтва.
—    Кантынгент у нас даволі складаны, — падкрэсліў Станіслаў Альфонсавіч. — Розны ўзрост, розныя захворванні розных ступеняў цяжкасці. І задача калектыву працаваць так, каб ніхто з пражываючых не быў абдзелены ўвагай і клопатам. Няпроста, але, дзякуючы супрацоўнікам установы, мы паспяхова вырашаем усе пастаўленыя задачы. І наш дом-інтэрнат, як адзін са старэйшых нават у рэспубліцы, заўсёды адзначаецца сярод лепшых па ўзроўню абслугоўвання і праводзімай выхаваўчай рабоце.
Якімі прынцыпамі карыстаецца кіраўнік? Прыярытэтным накірункам сваёй работы лічыць стварэнне належных умоў для пражывання і адпачынку састарэлых і інвалідаў, практыкуе пасільную занятасць вытворчай дзейнасцю. Кожны год праводзіцца цякучы рамонт будынкаў і падсобных памяшканняў, якіх налічваецца каля 30-ці, па меры неабходнасці мяняецца інтэр’ер. Таму, заходзячы ў жылыя памяшканні, прыемна здзіўляешся чысціні і парадку, нібы трапляеш у санаторый ці дом адпачынку. У фае — тэлевізар, мяккія канапы, у спальнях — акуратна засланыя ложкі. Свой жыццёвы прынцып занятасці людзей Станіслаў Альфонсавіч перанёс і ўкараніў у доме-інтэрнаце.
Хто па медыцынскіх паказчыках можа працаваць — той заняты ў дазволены нарматывамі час на найбольш простых відах работ. Такі чалавек, затраціўшы некаторую частку энергіі, вядзе сябе больш адэкватна, правільна рэагуе на ўказанні і патрабаванні персаналу. Таму і абстаноўка — нармальная, безканфліктная. А прыкласці рукі, як кажуць, тут ёсць дзе. Станіслаў Альфонсавіч, дзякуючы сваёй старшынёўскай загартоўцы, стварыў свой непараўнальны ні з чым калгас. Хапае клопатаў і агранамічнай, і зоатэхнічнай, і інжынернай службам. На замацаваных палях вырошчваецца збажына, розныя віды гародніны, назапашваюцца кармы, у жывёлагадоўчых памяшканнях — каровы, маладняк на адкорме, авечкі, свінні, на мехдвары — трактары, аўтамабіль, камбайн, прычапная тэхніка. Кожны займаецца сваёй справай, уносячы ў агульную скарбонку канкрэтны ўклад. Што гэта азначае? Сваё малако, сваё мяса, свае памідоры і агуркі, бульба і г. д. І ўсё свежае, а стравы, прыгатаваныя работнікамі сталовай, заўсёды адпавядаюць санітарным патрабаванням. Дакупляецца толькі тое, што нельга вырасціць уласнымі сіламі.
Ва ўстанове вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі вольнага часу пражываючых, з якімі штодзённа праводзяцца заняткі ў гуртках вышывання, малявання. На ўзроўні і мастацкая самадзейнасць, а канцэрты да святаў рыхтуюцца агульнымі намаганнямі. Дазваляе надвор’е — на прагулку па тэрыторыі, якая багата аздоблена малымі архітэктурнымі формамі, кветкамі, пладовымі насаджэннямі.
Не раз пераконваўся ў тым, што кіраўніцтва раёна высока цэніць Станіслава Альфонсавіча як кіраўніка, чалавека, у якім спалучаюцца патрабавальнасць, прафесіяналізм, чуллівасць, адказнасць, уменне глыбока ўнікаць ва ўзнікаючыя праблемы і вырашаць іх, бачыць перспектыву. Яго кожнае слова — нібы апрацаваны каштоўны камень. Важкае, даходлівае, прыносячае карысць любімай справе і грамадству ў у цэлым.
А прызнанне лепшым у намінацыі “Занятасць. Сацыяльная абарона”, як выказаўся на заканчэнні размовы чалавек года Віцебшчыны, абавязвае працаваць яшчэ з большай энергіяй. Давер патрэбна апраўдваць. І апраўдваць толькі добрасумленнай дзейнасцю ў імя ўздыму эканомікі краіны і дабрабыту кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Поспехаў вам і надалей, Станіслаў Альфонсавіч. А тое, што прысвоенае званне і нагрудны знак, які ўручыў на ўрачыстасці старшыня аблвыканкама А. М. Косінец, вы апраўдаеце з гонарам, мы не сумняваемся.
Эдуард КОРСАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *