За партамі — механізатары

Сельское хозяйство

у час іспытаў Л. С. Пянткоўскі з ААТ “Княж”, Р. Л. Вярховіч з ПМС і І. С. Качан з КУВСП імя Маркава

Гудуць трактары на палях. Пачаліся першыя веснавыя работы па падкормцы сенажаці і пашы. Спраўляюцца з выкананнем першага і важнага аграпрыёму механізатары, якія працуюць на “Росах”. Асноўная нагрузка пры апрацоўцы глебы і сяўбе адводзіцца магутнай энерганасычанай тэхніцы. Выведуць у поле сваіх сталёвых коней кваліфікаваныя механізатары, якія больш як тры месяцы па 680-гадзіннай праграме навучаліся ў цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.
А днямі група механізатараў з сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый раёна ў складзе 24 чалавек, якія маюць катэгорыю “А”, здавалі экзамены, каб атрымаць яшчэ і катэгорыю “В”, “D” і “F”. Правярала іх веды кампетэнтная камісія ў складзе А. І. Сулікоўскага (старшыні) — галоўнага спецыяліста па ахове працы, тэхніцы бяспекі і транспартнай дысцыпліне ўпраўлення райсельгасхарчу, В. С. Лутохіна — галоўнага дзяржаўнага інжынера-іспектара Дзяржтэхнагляду, І. І. Ставіцкага — дырэктара цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых і І. Э. Хаданёнка — выкладчыка гэтай установы.
Асноўнае патрабаванне для курсантаў — тэарэтычныя веды, бо практыку яны прайшлі ў працэсе вучобы. У выніку здачы экзаменаў атрымалі права на ваджэнне энерганасычаных трактараў катэгорыі “В” — 17 механізатараў. Яны атрымалі права працаваць на трактарах МТЗ-3022, МТЗ-1221, К-700 і іншых, на катэгорыю “D” — самаходныя сельскагаспадарчыя машыны з гідрастатычнай трансмісіяй здалі экзамены 19 чалавек і на катэгорыю “F” — экскаватары і пагрузчыкі, з жадаючых не справіліся з заданнямі тры механізатары. Для іх праз 7 дзён будуць паўторныя экзамены.
Для тых, хто паспяхова здаў экзамены, камісіяй выпісваюцца пасведчанні на права работы на той ці іншай тэхніцы.
Вырашылі змяніць прафесію і стаць высокваліфікаванымі механізатарамі ранейшыя работнікі культуры Уладзімір Радзюк з КУВСП імя Маркава і Дзяніс Маслаў з ААТ “Агратэхсэрвіс”. Дарэчы, яны экзамены здалі паспяхова.
Кацярына СОСНА



1 комментарий по теме “За партамі — механізатары

  1. Малойцы якія! Я ўвогуле за тое, каб кожныя сем гадоў мяняць накірунак дзейнасці. Тады будзе менш людзей, якія выконваюць сваю працу «на аўтамаце».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *