Надзея Мінаўна Новікава прымала віншаванні з нагоду юбілею

Актуальное

Надзея Мінаўна Новікава разам са сваімі гасцямі

Многія шаркаўчане старэйшага пакалення з асаблівай цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваюць сёння Надзею Мінаўну НОВІКАВУ, якая на працягу 21 года ўзначальвала работу аддзела ЗАГС нашага рэгіёна. За названы перыяд часу з дапамогай гэтай жанчыны некалькі тысяч маладых пар знайшлі сваё сямейнае шчасце. У многіх з іх ужо дарослыя дзеці, падрастаюць унукі, а ў сямейных альбомах беражліва захоўваюцца вясельныя фотаздымкі — памяць пра адзін з самых шчаслівых дзён у жыцці.
5 красавіка Надзея Мінаўна адзначыла сваё 80-годдзе. З нагоды юбілею да гэтага паважанага ў раёне чалавека завітала мноства гасцей. Сярод іх намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч, начальнік аддзела ЗАГС Марына Крыштофаўна Каланда, старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава. У адрас юбіляркі ў гэты дзень гучалі шчырыя віншаванні з пажаданнямі ўсяго самага найлепшага.
— Надзея Мінаўна працавала на вельмі адказным участку работы, не адзін дзясятак гадоў займалася няпростай справай, якая патрабуе ад чалавека максімум увагі і прафесіяналізму, цярпення і жыццёвай мудрасці, — адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч. — Вялікая колькасць сямейных пар удзячны гэтай жанчыне за яе працу.
Ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта і сябе асабіста Аляксандр Аляксандравіч павіншаваў юбілярку ў асаблівы для яе дзень, пажадаў ёй моцнага здароўя, святочнага настрою, сямейнага дабрабыту і ўручыў Ганаровую грамату райвыканкама і грашовую прэмію. Да гэтых віншаванняў далучыліся ўсе прысутныя.
Пасля заканчэння Магілёўскага культпрасветвучылішча Надзея Мінаўна Новікава пачала свой працоўны шлях у якасці загадчыцы Дома культуры, праз год была пераведзена на пасаду сакратара гарсавета. Але асноўная частка жыцця жанчыны неразрыўна звязана з любімай справай — з 1966 па 1987 год узначальвала аддзел ЗАГС.
Свой юбілей гераіня гэтага матэрыялу сустракала з выдатным настроем. Вельмі чакала выхадных дзён, калі ў доме, каб павіншаваць маці і бабулю са святам, збяруцца самыя родныя людзі — дзеці і іх сем’і. Карыстаючыся выпадкам, Надзея Мінаўна пажадала ўсім маладым людзям, якія збіраюцца браць шлюб, шчаслівага сямейнага жыцця, ўзаемаразумення, дабрабыту і, безумоўна, кахання. А каб сямейная лодка не разбілася аб камяні, неабходна ўсё ж навучыцца дараваць памылкі.
Вольга СТАШЭЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *