Пасяўная стартавала ў ААТ “Жвіранка”. Пра стан справаў расказаў кіраўнік гаспадаркі Андрэй Пальчэх

Сельское хозяйство

11 красавіка давялося пабываць у Більдзюгах. Мэта візіту ў ААТ “Жвіранка” — пачатак пасяўной кампаніі. А гэта найлепшая нагода пагутарыць з кіраўніком гаспадаркі А. П. ПАЛЬЧЭХАМ.
— Андрэй Паўлавіч, сёння ў гаспадарцы стартавала пасяўная?
—    Учора мы з галоўным аграномам Анатоліем Міхайлавічам Заляціла праехалі па палях і прыйшлі да высновы, што можна пачынаць работу. Як вынік — сёння выехалі чызелі, уносяцца ўдабрэнні, таксама пачалі сеяць аднагадовыя культуры.
—    Раскажыце, дзе будзеце сеяць?
—    Распачалі працу ва ўрочышчы Заракіткі каля вёскі Чырвонае. Там трэба засеяць два масівы — 11 і 15 гектараў.
—    Наколькі гатова ААТ “Жвіранка” да пасяўной?
—    У нас усё гатова, каб распачаць гэту адказную кампанію. Тэхніка стаяла на лінейцы гатоўнасці 1 красавіка. У наяўнасці пасяўны матэрыял. Ёсць сваё насенне. Таксама завезена элітнае насенне каля 100 тон — пшаніцы яравой і піваваранага ячменю. Маюцца мінеральные ўдабрэнні. У дастатковай колькасці “азоту” і “калію”. Крыху не хапае фосфарных удабрэнняў, але сітуацыю выправім з дня на дзень.
—    А як з палівам?
—    Пакуль ёсць запас. Пасля будзем закупляць паліва за ўласныя і крэдытныя сродкі. Прастояў з-за паліва не будзе.
—    Андрэй Паўлавіч, а якая сітуацыя з азімымі?
—    Рабілі агляд — прыйшлі да высновы, што азімыя ў добрым стане. Правялі падкормку рапсу, пшаніцы, трыцікале і жыта.
—    Назавіце, калі ласка, механізатараў, якія распачалі палявыя работы.
—    Віктар Браніслававіч Дулінскі, Алег Пяткевіч, Пётр Бездзель, Віктар Цімафееў, Рыгор Нікалаеў, Казімір Баркоўскі, Леанід Драбовіч і іншыя.
Дзякуй за размову і поспехаў вам у гэтай нялёгкай справе!
Аляксандр БАРЫЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *