Завяршыліся заняткі па таэквандо ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, якія тройчы на тыдзень праходзілі з мінулагодняй восені. Выніковае першынство сярод гурткоўцаў паказала, хто з іх (хлопчыкаў і дзяўчынак) найбольш засвоіў тэорыю і фізічна загартаваўся.
Паміж сапернікамі праводзіліся па два паядынкі ў тры раўнды. Усе ўдзельнікі былі падзелены па вагавых катэгорыях — ад 23 да 52 кілаграмаў і вышэй. 26 хлопчыкаў і дзяўчынак спрачаліся за званне мацнейшага. Асабліва ганарова было прадэманстраваць сваё спартыўнае майстэрства бацькам і проста знаёмым тым дзецям, якія закончылі першы год навучання. Для іх гэтыя паядынкі сталі першымі сапраўднымі спаборніцтвамі за званне пераможцы. Не менш захапляльна і відовішчна спрачаліся на пляцоўцы юныя спартсмены, якія займаюцца ў секцыі таэквандо на працягу некалькіх год і ўжо маюць вопыт ўдзелу ў абласных, рэспубліканскіх і іншых першынствах.
Прысутныя гледачы з вялікім хваляваннем назіралі за паядынкамі, апладысментамі і бадзёрымі вокрыкамі падтрымлівалі сваіх дзяцей. Але ж у кожнай напружанай барацьбе заўсёды ёсць пераможцы і пераможаныя. Не ўсім і не заўсёды шчасціць займаць першыя месцы. Тым не менш, без паражэнняў перамог не бывае. І гэтая словы справядлівыя ў адносінах да аматараў і прафесіяналаў у любым відзе спорта.
Судзейская калегія пад кіраўніцтвам Ігара Афанасьевіча Іванова на працягу ўсяго першынства ўважліва назірала за правільнасцю нанясення ўдараў і іх электроннай фіксацыі. У выніку пераканаўчыя перамогі ў сваіх вагавых катэгорыях заваявалі Ягор Райчонак, Віялета Жменчуроўская, Мацвей Закрэўскі, Ягор Табола, Яна Сініца, Станіслаў Манулік, Дар’я Рагачэўская, Арцём Стральчонак, Аляксей Яцына і Іван Хвяцковіч. Астатнія юныя спартсмены атрымалі дыпломы за другое і трэцяе месцы, а таксама словы вялікай удзячнасці за праяўленыя мужныя рысы характару і волю да перамогі.
Сяргей РАЙЧОНАК































































