Наш рэпартаж са свята апошняга званка ў Іёдскай школе

Актуальное

IMG_7221 (Копировать)Усё будзе, толькі вось у школу

Не давядзецца болей вам хадзіць.

І ранцы па апаўшым лісці долу

З сабою будуць іншыя насіць.

Апошні званок, які прагучаў ва ўсіх школах у мінулую сераду, — вясёлае і адначасова сумнае свята. Адным вучням ён абвясціў пачатак канікулаў, а выпускнікам выдаў пуцёўку ў самастойнае жыццё. Вельмі імкліва і непрыкметна праляцеў час для цяперашніх адзінаццацікласнікаў. Не паспеў зазвінець першы званок, як яны ўжо апынуліся на апошнім. Ён падводзіць выніковую рысу пасля заканчэння вучобы, становіцца пачаткам выпускных экзаменаў. А для малодшых вучняў — прадвеснікам летняга адпачынку. Апошні школьны званок нібы мяжа паміж сном і рэчаіснасцю, бесклапотнасцю і адказнасцю, паміж дзяцінствам і дарослым жыццём.

30 мая, а дзявятай гадзіне раніцы, па-святочнаму апранутыя настаўнікі і вучні Іёдскай дзіцячы сад— сярэдняй школы сабраліся на адкрытай пляцоўцы навучальнай установы. Усе вучні прынеслі для сваіх любімых настаўнікаў шыкоўныя букеты кветак, ад якіх у паветры разносіўся прыемны водар. Асабліва выдзяляліся сярод іншых школьнікаў выпускнікі, для якіх у апошні раз прагучаў залівісты званок, нібы адкрываючы дзверы на шырокую самастойную дарогу жыцця.

У пачатку ўрачыстасці да настаўнікаў і вучняў звярнулася дырэктар школы Раіса Пятроўна Лагунёнак:

— Сёння ва ўсіх нас — настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў — доўгачаканае свята. Мы ўрачыста завяршаем чарговы навучальны год. Паважаныя выпускнікі, апошні школьны званок абвясціць вам пра заканчэнне дзяцінства і пачатак новага самастойнага жыцця. Заўсёды ўпэўненым крокам ідзіце па выбранай вамі дарозе. Няхай тыя веды, якія кожны з вас атрымаў у сценах нашай школы, стануць трывалым падмуркам для будучых прафесій. Памятайце, што мы, педагогі, заўсёды будзем чакаць вас у роднай навучальнай установе, дзверы якой заўсёды гасцінна расчынены.

Раіса Пятроўна, падводзячы вынікі навучальнага года, адзначыла тых вучняў, якія прымалі актыўны ўдзел у школьным жыцці, сталі пераможцамі прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ад дырэктара граматы і дыпломы.

Святочную ўрачыстасць, прысвечаную заканчэнню навучальнага года, наведалі старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Мікалаевіч Рубацкі, дырэктар ААТ “Буеўшчына” Анатолій Ігнацьевіч Буда, прадстаўнікі адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта сельгаспрадпрыемства, участковы інспектар міліцыі Сяргей Георгіевіч Дарашчонак.

— Дарагія выпускнікі, вось і закончылася школьная пара, цяпер у вас пачынаецца самастойнае жыццё, — сказаў у сваёй прамове кіраўнік раёна Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — Няхай ваша родная школа назаўсёды застанецца яркім успамінам пра тое месца, дзе вы атрымалі дастойны багаж ведаў, дзе засталіся верныя сябры. Бацькам адзінаццацікласнікаў ад шчырага сэрца жадаю цярпення, вытрымкі і паболей падстаў для радасці і гонару за будучыя поспехі вашых дзяцей. Усім астатнім вучням хочацца пажадаць шмат радасных эмоцый і яркіх уражанняў падчас летніх канікул. Запасайцеся здароўем і энергіяй да будучага навучальнага года. Дзмітрый Міхайлавіч Ламака разам з Мікалаем Мікалаевічам Рубацкім уручылі першакласнікам у якасці падарунка мячы.

Словы цёплых і шчырых віншаванняў вучням адрасавалі ўсе запрошаныя госці, класныя кіраўнікі дзявятага і адзінаццатага класаў Таццяна Вітальеўна Цярэнцьева і Алена Міхайлаўна Тарасевіч. Наказ на дарослую дарогу жыцця ад імя бацькоў выпускнікоў дала юнакам і дзяўчатам Алена Вячаславаўна Недзведзь.

Пад гукі лірычнага вальса закружыліся ў танцы адзінаццацікласнікі са сваімі маленькімі сябрамі, якія сёлета яшчэ толькі закончылі першы клас. А напрыканцы ўсе разам запусцілі ў бязмежнае неба паветраныя шары чырвонага колеру ў форме сэрца. І кожны з выпускнікоў загадаў для сябе самае патаемнае жаданне — стаць дастойным чалавекам, каб прыносіць толькі карысць сваім родным людзям і ўсяму грамадству. Адзінаццацікласнік Уладлен Смерцьеў і першакласніца Арына Фокава пераліўным апошнім званком абвясцілі аб заканчэнні навучальнага года, аб заканчэнні школы. У добры шлях, выпускнікі! Няхай у вашы пунсовыя ветразі надзеі заўсёды дзьме толькі спадарожны вецер!

Наперадзе іспыты, хваляванні

І баль, што пройдзе праз усё жыццё.

І будуць зноў сустрэчы і расстанні,

І светлага кахання пачуццё.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_7116 (Копировать) IMG_7118 (Копировать) IMG_7128 (Копировать) IMG_7129 (Копировать) IMG_7130 (Копировать) IMG_7132 (Копировать) IMG_7134 (Копировать) IMG_7137 (Копировать) IMG_7140 (Копировать) IMG_7143 (Копировать) IMG_7144 (Копировать) IMG_7146 (Копировать) IMG_7147 (Копировать) IMG_7148 (Копировать) IMG_7151 (Копировать) IMG_7152 (Копировать) IMG_7155 (Копировать) IMG_7156 (Копировать) IMG_7160 (Копировать) IMG_7161 (Копировать) IMG_7162 (Копировать) IMG_7165 (Копировать) IMG_7166 (Копировать) IMG_7167 (Копировать) IMG_7168 (Копировать) IMG_7169 (Копировать) IMG_7170 (Копировать) IMG_7173 (Копировать) IMG_7174 (Копировать) IMG_7176 (Копировать) IMG_7179 (Копировать) IMG_7193 (Копировать) IMG_7194 (Копировать) IMG_7198 (Копировать) IMG_7201 (Копировать) IMG_7205 (Копировать) IMG_7206 (Копировать) IMG_7212 (Копировать) IMG_7214 (Копировать) IMG_7216 (Копировать) IMG_7217 (Копировать) IMG_7226 (Копировать) IMG_7231 (Копировать) IMG_7232 (Копировать) IMG_7235 (Копировать) IMG_7238 (Копировать) IMG_7240 (Копировать) IMG_7243 (Копировать) IMG_7244 (Копировать) IMG_7245 (Копировать) IMG_7249 (Копировать) IMG_7257 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *