Свята банцікаў і капялюшыкаў адбылося ў Шаркаўшчынскай СШ № 1

Молодежь

У кожнага з нас было сваё дзяцінства. Мне прыемна ўспамінаць гады, праведзеныя ў дзіцячым садку № 1 «Рамонак» г. п. Шаркаўшчына. Я кожны дзень з вялікай ахвотай падымалася зранку і марыла хутчэй пабачыць сваіх выхавальніц і сяброў. Памятаю нашы гульні ў лялькі, цікавыя і «дарослыя» размовы. Нам хутчэй хацелася пасталець, пайсці ў школу, адкрыць для сябе нешта новае. Вялікі дзякуй хочацца сказаць сваёй першай выхавальніцы Антаніне Алегаўне Хліманковай, якая пачынала адкрываць перада мной цікавы свет ведаў: вучыла чытаць, пісаць, лічыць на пальчыках, намагалася зрабіць усё магчымае, каб нам было добра і ўтульна ў садку.

Я і зараз не забываюся пра свой дзіцячы сад. Калі ёсць свабодная хвілінка заходжу туды, размаўляю з дзеткамі. Нават не верыцца, што калісьці я была такой маленькай, як мая сястра Вераніка, якая наведвае дашкольную ўстанову, дзе зараз вучацца першакласнікі.

I вось не так даўно трапіла на вельмі цікавы конкурс, у якім удзельнічалі вучаніцы 1 «Б» класа і іх матулі. Усім патрэбна было з’явіцца з банцікам ці ў капялюшы — гэта было «пропускам» для ўваходу ў прыгожую залу. Мерапрыемства насіла назву «Свята банцікаў і капялюшыкаў».

Маленькія дзяўчынкі, як прынцэсы з казак, былі апрануты ў прыгожыя касцюмы і сукенкі. На працягу ўсяго конкурсу дзеці спявалі песні, танцавалі розныя танцы (танец «Аранжавае сонейка» быў выкліканы на біс) — увогуле паказвалі ўсё, на што яны здатныя. Удзельнікаў падтрымлівала дзяўчынка-Вяснушка, якая не давала нікому сумаваць.

Але ўсё ж такі конкурс ёсць конкурс. Кожная ўдзельніца атрымала ўзнагароду і свой асабісты тытул. Люба Булкіна атрымала тытул «Першакласны банцік-2012», «Мілы банцік» — Вераніка Лаўрыновіч, «Далікатны банцік» — Насця Раковіч, Віялета Булаўская атрымала тытул «Арыгінальны банцік», а таксама прыз глядацкіх сімпатый, Ані Чупровай дастаўся тытул «Банцік хлапечых сімпатый», «Вялікі банцік» — Даша Райчонак, «Казачны банцік» — Надя Стаўманенка, Оля Рачыцкая атрымала тытул «Мініяцюрны банцік», «Яркі банцік» — Маргарыта Пяткун, «Гарэзлівы банцік» — Валерыя Жалудкевіч, а Марыя Конышава — «Элегантны банцік». А за ўдзел у конкурсе капялюшыкаў асобна вызначылі Любу Булкіну, якая вельмі прыгожа і цікава прадэманстравала свой капялюшык. Кожная матуля таксама атрымала грамату і падзяку за ўдзел у конкурсе.

За падрыхтоўку такога цікавага мерапрыемства бацькі выказваюць падзяку настаўніцы 1 «Б» класа СШ № 1 Наталлі Генадзьеўне Берніковіч і настаўніцы музыкі Таццяне Расціславаўне Лялека.

Дзіяна ЛАЎРЫНОВІЧ,

вучаніца 11 «Б» класа СШ № 1.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *