10 красавіка ў вялікай зале Дома Саветаў адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, на якім прысутнічалі начальнікі службаў і ўпраўленняў райвыканкама, прадпрымальнікі, кіраўнікі фермерскіх гаспадарак раёна.
З асноўным дакладам “Аб ходзе рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4 “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь” і стане работы па прыцягненню інвестыцый у асноўны капітал” выступіў намеснік старшыні райвыканкама М. І. Баговіч. Як вынікае са сказанага, у раёне праводзіцца пэўная работа па ажыццяўленню намечанага. Па стану на 1 красавіка ажыццяўляюць сваю дзейнасць 217 індывідуальных прадпрымальнікаў і 39 малых прадпрыемстваў. З ліку індывідуальных прадпрымальнікаў найбольшую ўдзельную вагу займаюць занятыя ў сферы гандлю (72,8 працэнта), 10 аказваюць паслугі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, 16 — у будаўніцтве, 12 займаюцца транспартнымі перавозкамі, на набыцці транспартных сродкаў і іх рамонце спецыялізуюцца 6.
Для арганізацыі вытворчай і гандлёва-камерцыйнай дзейнасці прадпрымальніцкім структурам здаюцца ў арэнду невыкарыстоўваемыя плошчы. Своеасаблівым лідарам тут з’яўляецца раённы камбінат бытавога абслугоўвання. У выглядзе аплаты за арэнду ў раённы бюджэт за папярэдні год паступіла 30,4 мільёна рублёў.
Летась суб’ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва экспартавана тавараў на 486,8 тысячы долараў ЗША, паслуг — на 28,2. Адзначалася, што недастаткова праводзіцца работа па стварэнню новых прадпрыемстваў і прыцягненню інвестыцый, у тым ліку прамых замежных.
Аб неабходнасці захавання санітарных норм на аб’ектах малога і сярэдняга прадпрымальніцтва гаварыў галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна У. Л. Грашчанка.
Аб сённяшняй сітуацыі ў развіцці сялянскіх фермерскіх гаспадарак і іх перспектывах, забеспячэнні ўдабрэннямі і многіх іншых надзённых пытаннях — тэма выступлення начальніка аддзела эканомікі ўпраўлення райсельгасхарчу А. М. Ціхановіч.
На пасяджэнні райвыканкама, якое вёў яго старшыня М. В. Морхат, кіраўнік раёна выказаў уласнае бачанне далейшага развіцця прадпрымальніцтва і фермерства на тэрыторыі рэгіёна, даў ацэнку, як станоўчую, так і з заўвагамі, дзейнасці асобных прадпрымальнікаў, указаў на існуючыя недахопы і праблемы, над якімі неабходна працаваць у далейшым, патрабаваў актывізаваць дзейнасць савета прадпрымальнікаў.
У прынятай пастанове канкрэтныя задачы па развіцці прадпрымальніцтва і фермерства пастаўлены перад аддзелам эканомікі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, землеўпарадкавальнай службай.
Падрыхтаваў Эдуард КОРСАК