Мы працягваем публікацыю матэрыялаў, прысвечаных стогадоваму юбілею крымінальнага вышуку. Сёння нашым чытачам пра службу ў Шаркаўшчынскім раённым аддзеле ўнутраных спраў расказвае былы начальнік РАУС, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы, старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец.
— Пачынаў я сваю службу ў райаддзеле ўнутраных спраў у снежні 1983 года ў званні малодшага лейтэнанта, — распавёў нам Уладзімір Серафімавіч. — Міліцыянерам вырашыў стаць падчас праходжання тэрміновай службы ў Савецкай арміі. З 1983 па 1988 гады з’яўляўся оперупаўнаважаным па барацьбе з крадзяжамі сацыялістычнай уласнасці. А з ліпеня 1988 года быў прызначаны оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС. Як самі разумееце, службу ў крымінальным вышуку я пачаў не з чыстага ліста, а маючы за плячамі пяцігадовы стаж работы ва ўнутраных органах. Да таго ж працаваць дапамагалі больш сталыя і вопытныя калегі. Да іх ліку я адношу старшага оперупаўнаважанага Барыса Аляксандравіча Альшэўскага, якога, на вялікі жаль, ужо няма сярод нас. Ён валодаў вялікімі прафесійнымі навыкамі. З яго мы — маладыя калегі — бралі прыклад і стараліся быць падобнымі да Барыса Аляксандравіча. Дарэчы, ён з’яўляўся ліквідатарам катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Працавалі мы ў адной камандзе разам з Віктарам Іосіфавічам Бука, Пятром Іванавічам Баравіком, Уладзімірам Валер’евічам Катовічам, Расціславам Георгіевічам Качаном, Анатоліем Казіміравічам Цітовічам і іншымі. З’яднанасць калектыву прыносіла станоўчыя вынікі ў рабоце.
У канцы 1980-х—пачатку 1990-х гадоў у раёне вельмі часта здзяйсняліся крадзяжы з гандлёвых аб’ектаў, асабліва на тэрыторыі Германавіцкага і Лужкаўскага сельсаветаў. Аднойчы серыю такіх злачынстваў учыніла асоба, якую мы, крыміналісты, доўга не маглі вызначыць і затрымаць, каб прыцягнуць да адказнасці. І толькі дзякуючы плённай сумеснай рабоце з праваахоўнікамі РСФСР (у часы існавання Савецкага Саюза) мы затрымалі злачынца на тэрыторыі Пскоўскай вобласці. Як высветлілася, ён хаваўся на працягу доўгага часу ў манастыры.
За перыяд маёй службы ў крымінальным вышуку па раёне ў год фіксавалі прыкладна па аднаму-двум забойствам. Мелі месца цяжкія цялесныя злачынствы, крадзяжы як дзяржаўнай, так і ўласнай маёмасці грамадзян. Над раскрыццём іх мы штодзённа напружана працавалі. Немалаважным станоўчым паказчыкам у нашай рабоце з’яўлялася не толькі раскрывальнасць злачынстваў рознага характару, але і зніжэнне іх колькасці.
У верасні 1991 года я ўзначаліў службу крымінальнага вышуку Шаркаўшчынскага РАУС. А з 1994 па 1999 гады з’яўляўся намеснікам начальніка райаддзела ўнутраных спраў, адначасова выконваючы абавязкі начальніка крымінальнай міліцыі. З лютага 1999 года і да выхаду ў адстаўку я ўзначальваў Шаркаўшчынскі раённы аддзел унутраных спраў. Вось так паступова прайшоў усе прыступкі службовай лесвіцы ад малодшага лейтэнанта і да падпалкоўніка.
Вельмі радуе тая акалічнасць, што нас, ветэранаў органаў унутраных спраў, не забываюць цяперашнія работнікі РАУС. Віншуюць са святамі, запрашаюць да сябе на розныя мерапрыемствы. У сваю чаргу і мы па магчымасці стараемся падтрымліваць паміж сабой сяброўскія зносіны. Падчас сустрэч успамінаем гады сумеснай работы, выпадкі з жыцця. Карыстаючыся магчымасцю, ад шчырага сэрца віншую ветэранаў, якія прысвяцілі сваё жыццё працы ў службе крымінальнага вышуку са стагоддзем яго ўтварэння. Няхай у кожнага будзе трывалае здароўе, дабрабыт і лад у сем’ях. А сённяшнім аператыўнікам-крыміналістам жадаю раскрывальнасці злачынстваў і вялікіх зорак на пагоны.
Сяргей РАЙЧОНАК.
