Выстава «Божы свет вачыма дзяцей»

Актуальное

12 красавіка ў Цэнтры рамёстваў прайшло адкрыццё выставы юных мастакоў-пачаткоўцаў пад назвай «Божы свет вачыма дзяцей». У выставе прынялі ўдзел вучні школы мастацтваў і гурткоў Цэнтра рамёстваў. Пра саму выставу і яе ўдзельнікаў нам расказала супрацоўніца Цэнтра Наталля Карман.
— Кожны чалавек бачыць свет па-свойму, а калі ў яго душы і сэрцы жыве Бог, то такому чалавеку навакольнае бачыцца па-сапраўднаму светлым і ласкавым. Такім бачаць свет дзеці, такім яны ствараюць яго на сваіх малюнках. Андрэй Арлюкевіч, адзін з удзельнікаў выставы, кажа, што яму падабаецца ўсё ў гэтым свеце такім як ёсць, яму не хочацца нічога змяняць, бо Бог пра ўсё паклапаціўся. Іншая ўдзельніца — Паліна Арцюшэўская — распавяла нам, што для яе свет прыгожы ўсімі сваімі парамі года, усялякім надвор’ем, усімі раслінамі і жывёламі.
А пра праўдзівасць слоў юных мастакоў сведчаць іх работы, тыя тэмы, кампазіцыі, колеры, якія яны выбіраюць. Праца мастака ў тым і заключаецца, каб падзяліцца сваімі самымі светлымі пачуццямі і думкамі, якія цяжка выказаць словамі. Нашы мастакі можа і маленькія, але гэта ім не перашкаджае дзяліцца святлом са светам. Яны яшчэ не могуць пабудаваць завод, адкрыць свой магазін ці паляцець у космас, але ў сваёй фантазіі і ў сваіх думках яны могуць нават болей. Дзеці ведаюць: «Мы там, дзе нашы думкі». І таму яны больш шчаслівыя, бо дзе яны толькі не былі. У нашым жыцці дзеці — гэта заўсёды святло і надзея. Давайце пра гэта памятаць і ў сваю чаргу старацца падтрымаць іншага ў складанай сітуацыі, дзяліцца ўсмешкамі, быць для людзей святлом і надзеяй, а для нашых дзяцей арыенцірам.
Віка Малецкая, Андрэй і Ілля Арлюкевічы, Паліна Арцюшэўская, Валя Ісаковіч, Вольга Зуй, Дар’я Жук, Каця Цітовіч, Ілля Ліпскі, Крысціна Балай, Анастасія Хадасевіч, Яна Турчынская, Насця Катовіч, Аляксей Лук’янскі, Аляксей Бука, Яна Мядзелец, Надзя Радзько, Анастасія Бука, Вольга Шошына. Гэта тыя, хто прадставіў свае работы для  выставы, хто падзяліўся сваімі творамі і сваім душэўным святлом. Вялікі дзякуй вам за гэта. Працягвайце ствараць, маляваць, нашы маленькія мастакі і творцы.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *