Няпросты выбар для школьнікаў.

Актуальное

Правільна і своечасова праведзеная работа па прафарыентацыі дазваляе вучням старэйшых класаў атрымаць неабходную для паступлення інфармацыю і вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Вось і 10 красавіка па ініцыятыве аддзела адукацыі райвыканкама на сустрэчу з сёлетнімі выпускнікамі прыехалі прадстаўнікі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, каб азнаёміць юнакоў і дзяўчат з умовамі паступлення і вучобы на дзённую і завочную формы навучання, расказаць пра тыя спецыяльнасці, якія зараз запатрабаваны на рынку працы. У час мерапрыемства, якое праходзіла ў раённым Доме культуры, дзеці атрымалі даволі падрабязную інфармацыю пра дзейнасць Полацкага дзяржаўнага універсітэта, Віцебскага дзяржаўнага універсітэта імя П. М. Машэрава, Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (г. Горкі), Полацкага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Мінскага гандлёвага каледжа Белкаапсаюза, паглядзелі фільмы пра арганізацыю вучэбнага і выхаваўчага працэса ў гэтых навучальных установах.

Увогуле, значная работа па прафарыентацыі на тэрыторыі раёна праводзіцца ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Як паведаміла галоўны спецыяліст па кадрах А. А. Каленцьева, на працягу вучэбнага года школы раёна наведалі прадстаўнікі трох вышэйшых навучальных устаноў, шасці каледжаў і двух ліцэяў сельскагаспадарчага профілю. Дзякуючы фінансавай падтрымцы ААТ “Жвіранка”, “Юдыцына”, “Агратэхсэрвіс” і КУВСП “Гарадзец” для выпускнікоў сярэдніх школ былі арганізаваны прафарыентацыйныя экскурсіі ў Пастаўскі і Відзаўскі прафесіянальна-тэхнічныя каледжы, Віцебскую ветэрынарную акадэмію і Лужаснянскі аграрны каледж, а таксама ў Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж. З мэтай забеспячэння сельгаспрадпрыемстваў раёна высокакваліфікаванымі кадрамі, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання кожны год выдае мэтавыя накіраванні ў аграрныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы па такіх спецыяльнасцях, як аграномія, заатэхнія, ветэрынарная медыцына, механізацыя сельскай гаспадкаркі. Асаблівы недахоп кадраў зараз адчувае агранамічная галіна. Неабходнасць у спецыялістах пераважна з вышэйшай адукацыяй назіраецца таксама ў інжынернай і ветэрынарна-лячэбнай сферах раёна.

Вольга СТАШЭЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *