Якая ўвага надаецца людзям, што працуюць на палях і закладваюць аснову будучаму ўраджаю, даведаўся карэспандэнт раённай газеты.

Сельское хозяйство

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ "Жвіранка" Ірына Леанідаўна Чарневіч уручае пераходны чырвоны вымпел В. С. Цімафееву

Ідэалагічны актыў райвыканкама разам з карэспандэнтам раённай газеты “Кліч Радзімы” выехалі ў шэраг гаспадарак раёна з мэтай даведацца, якая ўвага надаецца людзям, якія працуюць на палях і закладваюць аснову будучаму ўраджаю, як выконваюцца ўмовы працоўнага спаборніцтва.

У аператыўнай зводцы раёна сярод гаспадарак лідзіруе на пасяўной ААТ “Даватарскі.” На 3 мая там было загорнута ў глебу насенне зерневых і зернебабовых культур на плошчы каля 700 гектараў, што складае 40 працэнтаў да плана. Падрыхтавана да сяўбы амаль такая ж плошча. Вось і пабывалі на палях дадзенай гаспадаркі начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Людміла Уладзіміраўна Стома, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Алена Вільгельмаўна Клімза (яна ж адказная ад выканкама за работу ў дадзенай гаспадарцы), старшыня Валожынскага сельскага Савета Сяргей Антонавіч Бука і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Вольга Георгіеўна Вялічка. Наступіў адказны момант: перадавікам працоўнага спаборніцтва ўручаліся пераходныя вымпелы, а таксама бюлетэні, у якіх адлюстравана практычна ўсё: хто на чым працуе, які від работ і аб’ём выконвае, налічаная заработная плата (асноўная і дадатковая), расход паліва і іншае.

малады механізатар ААТ "Жвіранка" Вячаслаў Цімафееў

На сяўбе культур выйшаў у лідары Мікалай Аляксеевіч Дарашчонак. Накіроўваемся туды, дзе працуе механізатар — за вёскай Сасноўцы. На трактары МТЗ-3022 у счэпе з сеялкай АПП-6А ён разам з механізатарам Алегам Віктаравічам Палягошкам на 60-гектарнай плошчы завяршалі сяўбу зернесумесі. Дарэчы, рыхтавалі ім глебу да сяўбы перадавыя механізатары браты Дзмітрый і Мікалай Ліпскія. Почырк  братоў адметны.

Пераможца працоўнага спаборніцтва ААТ "Даватарскі" М. А. Дарашчонак

Мікалай Аляксеевіч пасеяў звыш 200 гектараў сельгаскультур. Дзённую норму выканаў на 247 працэнтаў. У кароткія хвіліны, пакуль вялася запраўка сеялкі пратручаным насеннем, пагутарылі з пераможцай, а Вольга Георгіеўна ўручыла пераходны чырвоны вымпел, агучыла суму прэміі. Варта сказаць, што ў начную змену будзе шчыраваць сын за бацьку. Мікалай Мікалаевіч працуе шафёрам у гаспадарцы, а ў час прыпару садзіцца на трактар.

Пераможца працоўнага спаборніцтва В. У. Машнюк

Найбольшая колькасць тэхнікі была сканцэнтравана ў гэтым жа аддзяленні каля былога аэрадрома. Там развозілі па полю на трактарах арганіку Генадзій Шышковіч і Сяргей Палягошка. На пагрузчыку задзейнічан Вячаслаў Ардынскі. Мінеральныя ўдабрэнні ўносіў у глебу на трактары МТЗ-82 у счэпе з МТТ-4У Веніямін Машнюк. Менавіта ён трымае першынство сярод механізатараў гаспадаркі па запраўцы тукаў у глебу. Веніямін Уладзіміравіч унёс мінеральныя ўдабрэнні на плошчы 950 гектараў, пры гэтым выканаў норму выпрацоўкі на 457 працэнтаў. Дадзены ўчастак у 30 гектараў рыхтавалі пад сяўбу ячменю, папярэднікам якога была кукуруза. Тут жа пад’ехалі дырэктар гаспадаркі Сяргей Валянцінавіч Струй і начальнік участка Міхаіл Мікалаевіч Марозаў.

І. Р. Странчэўскі - перадавы механізатар КУВСП імя Маркава

— Разлічваем тут на 50 цэтнераў з гектара, не менш, — сказаў задаволены ходам пасяўной кіраўнік.

Накіроўваемся ў ААТ “Жвіранка”. Сяўбу зернебабовых культур праводзіў знатны механізатар гаспадаркі, добра вядомы ў раёне як перадавік вытворчасці Віктар Селівестравіч Цімафееў. З пасяўным агрэгатам Атлес Цырыўс пасеяў культуры на плошчы звыш 300 гектараў. Засеяны ім палетак уражвае акуратнасцю і прыгажосцю. Яшчэ здалёк можна пазнаць почырк лепшага ў сельгаспрадпрыемстве механізатара.

— Працую ўвесь светлавы дзень, а ў іншыя рукі сваю тэхніку не хачу аддаваць, — прызнаўся Віктар Селівестравіч.

Тут жа пад’ехала абсталяваная аўтамашына з абедамі. Харчаваннем механізатары задаволены.

Побач з засеяным полем расце азімы рапс. На агрэгаце “Раса” вядзе падкормку КАСам малады механізатар Вячаслаў Цімафееў. На выкананні гэтага віду работ ён заняў першае месца ў гаспадарцы. Чырвоны вымпел уручае і зачытвае суму заробленай прэміі спецыяліст па справах моладзі сельгаспрадпрыемства Сяргей Генадзьевіч Трубінаў. Пры размове Вячаслаў прызнаўся, што акрамя таго, што мае шафёрскае пасведчанне, яго асноўная прафесія — будаўнік. Пасля заканчэння каледжа пэўны час працаваў на будоўлях сельгаспрадпрыемства. А вось на “Расе” — адно задавальненне.

Не ўсё добра з ідэалагічным забеспячэннем у КУВСП імя Маркава. Ёсць няўвязкі з арганізацыяй харчавання ў полі. Аднак людзі працуюць і дасягаюць поспеху. На сяўбе першынство трымае Іван Рамуальдавіч Странчэўскі. Ён пасеяў зерневыя культуры на плошчы 157 гектараў, пры гэтым выканаў норму выпрацоўкі на 267 працэнтаў.

Вядзецца запраўка сеялкі пратручаным насеннем.

Рыхтаваў глебу да сяўбы лёну Анатолій Леанідавіч Голуб. На трактары К-701 ён пракультываваў 182 гектары глебы. Як заўважыў дырэктар гаспадаркі Леанід Іванавіч Зубовіч, аплата не адпавядае ўкладзенай працы, таму яе перагледзелі ў бок павелічэння.

Працаўнікі сяла зацікаўлены ў хутчэйшым завяршэнні пасяўной кампаніі, бо ведаюць, што, калі старанна працаваць, то можна добра зарабіць.

Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *