
30-га кастрычніка ў глядзельнай зале раённага Дома культуры сабраліся юнакі Шаркаўшчынскага раёна, якія ўжо ў маі апрануцца ў вайсковую форму і стануць на ахову рубяжоў Беларусі. Прыйшлі ці прыехалі не адны, а ў суправаджэнні бацькоў, сяброў і сябровак, каб разам, ва ўрачыстай абстаноўцы паслухаць сказаныя на дарогу словы-пажаданні, адчуць тую атмасферу, якая пануе ва Узброеных Сілах рэспублікі. Пасля невялікага ўступнага звароту вядучых, з трыбуны да прысутных у зале, хаця гэта больш датычылася прызыўнікоў, звярнуліся намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў, старшыня раённага Савета ветэранаў Галіна Мікалаеўна Філатава, ветэран працы Нікадзім Якаўлевіч Протас. У кожным выступленні гучалі словы гордасці за нашу краіну, за ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў жорсткіх баях адстаялі яе незалежнасць і вызвалілі Еўропу ад карычневай чумы, працаўнікоў тылу і тых, хто аднаўляў разбуральную вайной народную гаспадарку. Наказвалі маладым браць прыклад з перадавікоў вытворчасці сённяшняга дня, хто ўдарна працуе ў розных сферах гаспадарчай дзейнасці. І, безумоўна, жадалі пакуль што прызыўнікам, годна вытрымаць адзін з першых жыццёвых экзаменаў на стойкасць, вытрымку, мужнасць і высокую маральна-псіхалагічную свядомасць.

З прамовай да будучых абаронцаў Айчыны звярнуўся і ваенны камісар Андрэй Вітольдавіч Дубовік, прывёў некалькі характэрных эпізодаў са свайго армейскага жыцця, якія дапамагалі згартаваць і канчаткова сфарміраваць характар афіцэра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Потым уручыў прызыўнікам павесткі, згодна з якімі, юнакі будуць накіраваны ў адпаведныя вайсковыя часці.

Сёлетняй вясной, як падкрэсліў у час размовы пасля ўрачыстага мерапрыемства А. В. Дубовік, у рады Узброеных Сіл накіроўваюцца 38 юнакоў. Служыць будуць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 103-й гвардзейскай мабільнай брыгадзе г. Віцебска, 377-й зенітна-ракетнай часці г. Полацка, 9-м асобым міліцэйскім батальёне ўнутраных войск МУС у г. Полацку, 49-й радыётэхнічнай брыгадзе н. п. Валяр’янава, 19-й гвардзейскай механізаванай брыгадзе н. п. Заслонава.
Адпраўка будзе праводзіцца ў чатыры этапы з 16 па 21 мая. Так што застаецца пажадаць маладому папаўненню годна вытрымаць экзамен на мужнасць, стаць, як гаворыцца, сапраўднымі мужчынамі, вярнуцца на шаркаўшчынскую зямлю загартаванымі, фізічна падрыхтаванымі, з атрыманай вайсковай спецыяльнасцю, каб у далейшым дастойна працягваць працоўныя традыцыі шаркаўчан.
Эдуард КОРСАК.