29 ліпеня прайшло свята вёсак Жукоўшчына, Агальніцы, Грыблы, Сямёнавічы

Актуальное

IMG_2977

Тут я душой адпачываю,

З маленства краем даражу.

Сваю маленькую радзіму

Матуляй роднай я заву.

Галіна Сікора.

Ёсць такое месца ў жыцці кожнага з нас, якое цяжка адшукаць на карце. Там па-асабліваму ззяе сонца, сінее блакіт нябесаў, пахнуць лугавыя кветкі і травы, там лёгка дыхаецца. Гэта тое месца, дзе мы з’явіліся на свет. Яго часта называюць правінцыяй, але няма ў свеце цудоўней і мілей нічога за родны край, бо для кожнага ў сэрцы ён назаўсёды адзіны.

У канцы ліпеня ў Жукоўшчынскім сельскім клубе прайшло свята ажно чатырох вёсак — Жукоўшчыны, Грыблоў, Сямёнавіч і Агальніц. Мясцовыя работнікі культуры вырашылі аб’яднаць свята чатырох населеных пунктаў у адно, бо калі ў Жукоўшчыне цяпер пражывае 126 чалавек, то ў астатніх з пералічаных вёсак усяго толькі па трое жыхароў.

— Паважаныя землякі, віншую вас з чарговым святам, — звярнулася да прысутных старшыня Станіславоўскага сельвыканкама Алена Георгіеўна Сідарчук. — Жадаю вам атрымаць асалоду ад сённяшняга мерапрыемства, якое, несумненна, уздыме ваш настрой. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануюць згода, узаемападтрымка і любоў.

Знікаюць вёскі, але не страчваецца памяць пра іх. Упершыню Жукоўшчына, Грыблы, Сямёнавічы і Агальніцы ў дакументальных крыніцах упамінаюцца яшчэ з пачатку 19-га стагоддзя. З таго часу і да 1980-х гадоў яны ўзбуйняліся, расла і колькасць жыхароў. Незагойны адбітак пакінула на сэрцах землякоў Вялікая Айчынная вайна. Сотні мужчын і юнакоў змагаліся з ворагам на франтах і ў партызанскіх атрадах. У іх гонар на цэнтральнай сядзібе былога калгаса “Іскра” у 1967 годзе быў усталяваны абеліск, да якога і цяпер удзячныя нашчадкі прыносяць вянкі і жывыя кветкі.

Спяшаецца час, спяшаемся мы. Хочацца хоць на імгненне спыніць яго бег, каб угледзецца ў твары землякоў, у вачах якіх адлюстраваны іх лёс і лёс нашых вёсак. Усё сваё сумленнае жыццё прысвяцілі працы ў сельскай гаспадарцы Эльвіра Балай — былы галоўны аграном калгаса “Іскра”, якая ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, даярка Тамара Мурзёнак таксама ўзнагароджана ордэнам “Знак Пашаны”, даярка Марыя Рамановіч — дэпутат Вярхоўнага Савета СССР, спецыялісты, механізатары і жывёлаводы Святлана Райчонак, Алімпіяда Райчонак, Марыя Балай, Марыя Чабатаронак, Галіна Батуронак, Ніна Райчонак, Марыя Райчонак, Галіна Сікора, Яўгенія Брэская, Гардзей Батуронак, Расціслаў Балай, Мікалай Мажэйка, Уладзімір Андрэйчык, Дзмітрый Райчонак, Валянцін Райчонак, Ананій Лысёнак.

Настаўнікі… Полымем сваёй душы яны запальваюць у дзіцячых сэрцах іскры дабрыні, спагады, справядлівасці і пяшчоты. Словы ўдзячнасці настаўнікам-ветэранам і тым педагогам, якія цяпер займаюцца навучаннем дзяцей, гучалі са святочнай сцэны. А гэта Зоя Іванаўна Талапіла, Антаніна Фёдараўна Лысёнак, Лізавета Афанасьеўна Райчонак, Ганна Пятроўна Лысёнак, Іосіф Ігнацьевіч Лысёнак, Ада Эльеўна Райчонак, Міраідае Генадзьеўна Мажэйка, Вераніка Альбінаўна Чырвоная, Валянціна Іосіфаўна Запрудская, Тамара Паўлаўна Сікора, Іосіф Леанідавіч Квач, Надзея Пятроўна Кіраенка, Святлана Дзмітрыеўна Пронічкіна, Святлана Баляславаўна і Вячаслаў Аляксандравіч Ліпскія, Наталля Валяр’янаўна Гігола, Наталля Фёдараўна Перхуровіч, Марыя Усцінаўна Пачкоўскай.

Вядома, што поспехі ў сельгасвытворчасці залежаць і ад кваліфікаваных спецыялістаў адміністрацыі гаспадаркі. Дзесяцігоддзі бездакорна і сумленна працавалі ў калгаснай канторы Галіна Лысёнак, Святлана Шатанёнак, Марыя Мышко, Людміла Вяліева, Марыя Лысёнак, Вольга Вялічка, Святлана Сікора.

Людзі розных прафесій сёння шчыра працуюць у гаспадарцы. Гэта Алег Перхуровіч, Раіса Савелава, Віктар Кірэеў, Вячаслаў і Таццяна Касарэўскія, Андрэй Корабаў, Анатолій і Святлана Райчонкі, Уладзімір і Марына Пятровы, Алена Мажэйка, Міхаіл Райчонак.

Добрыя словы гучалі ў адрас работнікаў паштовага аддзялення Раісы Корабавай і Паліны Ротчанкавай, сацыяльных работнікаў Іосіфа і Таццяны Квачоў.

35-годдзе сумеснага жыцця сёлета адзначае сямейная пара Леаніда Пятровіча і Марыі Іосіфаўны Мышко. Залатое вяселле сустрэлі Расціслаў Генадзьевіч і Эльвіра Геранімаўна Балаі. А Гардзей Уладзіміравіч і Галіна Анатольеўна Батуронкі крочаць разам па жыцці 58 год.

Шмат жыхароў з чатырох вёсак адзначаюць свае юбілеі. Самай маленькай жыхарцы Жукоўшчыны Алесі Кірэевай сёлета споўніўся яшчэ толькі адзін годзік. А самым старэйшым жыхаром з’яўляецца Яўгенія Антонаўна Брэская. Жанчына сустрэла свой 96-ы дзень нараджэння.

Старэйшына вёскі Жукоўшчына Ларыса Аляксандраўна Чарняўская далучылася да слоў віншавання, адрасаваных сваім землякам, пажадала кожнаму светлых і радасных дзён у жыцці, аптымізму, здароўя і асабістага шчасця.

Песні, музыку, танцы, вершы, а разам з імі і бадзёры настрой дарылі ў той дзень гледачам удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці Жукоўшчынскага сельскага клуба, работнікі Васюкоўскага СДК — цёзкі Вольгі Яцыны, загадчык Велікасельскага СК Аляксандр Бука, удзельніца народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” Галіна Сікора і, канечне ж, самадзейны музыкант і спявак, жыхар Жукоўшчыны Мікалай Кіраенка.

У другой частцы мерапрыемства адбылася прэм’ера кінавідэастужкі пад назвай “Лявоніха”, аўтарамі і стваральнікамі якой сталі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Іскроўцы” Жукоўшчынскага СК, відэааператар Леанід Дзікцяроў, мантажор Раман Стома з г.п. Відзы. Больш падрабязна пра гэты аматарскі відэафільм мы раскажам нашым чытачам у наступных нумарах раённай газеты.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_2908 IMG_2910 IMG_2913 IMG_2920 IMG_2921 IMG_2923 IMG_2925 IMG_2929 IMG_2934 IMG_2938 IMG_2942 IMG_2947 IMG_2953 IMG_2957 IMG_2967 IMG_2970 IMG_2973 IMG_2982



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *