Праца на чыгунцы кіпіць, рух не прыпыняецца

Актуальное

работнікі 9-га акалодка Варапаеўскай дыстанцыі пуці на чале з дарожным майстрам Іванам Вацлававічам Васілеўскім
работнікі 9-га акалодка Варапаеўскай дыстанцыі пуці на чале з дарожным майстрам Іванам Вацлававічам Васілеўскім

Кожны дзень грузавыя і пасажырскія цягнікі своечасова прыбываюць на станцыю  нашага гарадскога пасёлка і адпраўляюцца ў далейшы шлях строга па раскладу. Мы настолькі прывыклі да такога парадку на чыгуначнай станцыі, што нават не задумваемся, колькі намаганняў чыгуначнікі ўкладаюць  ў яго падтрыманне. Між тым, вялікая колькасць людзей працуе кожны дзень і круглыя суткі, каб цягнікі прыбывалі своечасова. Свой уклад у функцыянаванне гэтага складанага механізму ўносіць і калектыў чыгуначнай станцыі “Шаркаўшчызна”, работнікі якой разам са сваімі калегамі заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята. Шаркаўшчынскія чыгуначнікі працуюць у складзе некалькіх структурных падраздзяленняў. Адно з іх — 9-ы акалодак Варапаеўскай дыстанцыі пуці.

— З чыгуначнага пуці пачынаецца бяспечны і бесперабойны рух цягнікоў, — паведаміў карэспандэнту выконваючы абавязкі дарожнага майстра Андрэй Матусевіч. — А мабільны калектыў 9-га акалодка Варапаеўскай дыстанцыі пуці ў выніку неабходнасці гатовы разгарнуць работы на любым участку чыгуначнай лініі і належным чынам выканаць даведзенае заданне. Сваю асноўную задачу пад кіраўніцтвам дарожнага майстра Івана Васілеўскага добрасумленна выконваюць прадстаўнікі трох брыгад, якія якасна і аператыўна рамантуюць чыгуначны пуць. Нездарма кажуць: будзе надзейным пуць — будзе спраўна функцыянаваць і ўся чыгунка, без якой ужо немагчыма ўявіць жыццё сучаснага грамадства.

У цяперашні час Варапаеўская дыстанцыя пуці з’яўляецца  тэхнічна аснашчаным структурным падраздзяленнем Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, здольным паспяхова вырашаць самыя складаныя задачы па ўтрыманні пуцявой гаспадаркі. Работнікі 9-га акалодка Варапаеўска дыстанцыі пуці нясуць адказнасць за спраўны стан чыгуначнага палатна на тэрыторыі не толькі нашага, але і Пастаўскага раёна. Кожны месяц як з дапамогай тэхнікі, так і ўручную прадстаўнікі трох брыгад  ажыццяўляюць ўсе неабходныя віды работ па цякучым утрыманні пуці, праводзіць замену шпалаў, стрэлачных брусоў. Нядаўна пуцейцамі быў завершаны капітальны рамонт 2-х пераездаў з дапамогай пуцявой калоны з заменай драўляных шпал на бетонныя.

На абслугоўванні ў рабочых 9-га акалодка — 30 кіламетраў пуці, 13 стрэлачных пераводаў і 5 кіламетраў пад’язных пуцей.

А галоўны абавязак чыгуначнікаў — утрыманне пуці ў такім стане, каб рух цягнікоў ажыццяўляўся без збояў і з неабходнай хуткасцю. Менавіта таму асноўная прафесія на прадпрыемстве – гэта манцёр пуці. Праходзячы міма чыгуначнага палатна, усе мы неаднаразова бачылі людзей у аранжавых камізэльках, якія рамантавалі рэльсы, мянялі шпалы, ажыццяўлялі некаторыя іншыя віды работ. Гэта — манцёры пуці. З аднаго боку, гэта проста работнікі, якія выконваюць свае абавязкі. А з другога, ад адказнасці, уменняў, дакладнасці і  ўважлівасці кожнага з іх залежыць бесперабойнае функцыянаванне чыгункі. Манцёры пуці працуюць і днём, і ноччу, пры любым надвор’і. Незалежна ад таго — дождж, вецер, снег або спёка.

Жыццё на чыгунцы кіпіць, рух не прыпыняецца. У вялікай ступені дзякуючы калектыву 9-га акалодка Варапаеўскай дыстанцыі пуці, у складзе якога добрасумленна выконваюць свае абавязкі дарожны майстар Іван Васілеўскі, брыгадзір  пуці Андрэй Матусевіч, выконваючы абавязкі брыгадзіра Расціслаў Пачопка і манцёры пуці Андрэй Аніська, Максім Драчоў, Канстанцін Ганебны, Казімір Кадушкевіч, Андрэй Седзюкевіч, Дзмітрый Ананіч, Віктар Седзюкевіч, Андрэй Курыловіч, Віталій Мішута, Барыс Усцінаў і Пётр Пухальскі. Ад правільных і зладжаных дзеянняў гэтых людзей залежыць вельмі многае. Пасажыры бачаць толькі вакзалы, станцыі, пуці, па якіх спяшаюцца  цягнікі ў розных напрамках. А, між іншым, менавіта пуцейцы вырашаюць шэраг няпростых задач, каб паездкі былі камфортнымі і бяспечнымі.

Са святам вас, работнікі стальных магістраляў, з Днём чыгуначніка!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *