Да стогадовага юбілею крымінальнага вышуку: Успамінамі пра сваю работу ў Шаркаўшчынскім РАУС дзеліцца Віктар Іосіфавіч Бука

Актуальное

200

Раскрыццё злачынстваў, крадзяжоў, пошук тых, хто іх учыніў, пошук людзей, якія прапалі без вестак — усё гэта знаёма былому начальніку крымінальнага вышуку, першаму намесніку начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела ўнутраных спраў, падпалкоўніку ў адстаўцы Віктару Іосіфавічу Буку.

— Працу ў міліцыі я выбраў свядома, — кажа мой суразмоўца. — Вярнуўшыся з тэрміновай вайсковай службы, якую праходзіў у далёкай Манголіі, я паступіў вучыцца ў школу міліцыі імя Фрунзе ў Мінску. Атрымаўшы пагоны лейтэнанта, пачаў служыць у Шаркаўшчынскім РАУС у 1980 годзе. Была вялікая прага да набыцця вышэйшай адукацыі. Таму прыкладна праз чатыры гады паступіў на завочнае аддзяленне Акадэміі міністэрства ўнутраных спраў. Службу ў аддзяленні крымінальнага вышуку мне прапанаваў тагачасны начальнік РАУС Пётр Уладзіміравіч Развадоўскі. Трэба сказаць, што справа, якой я займаўся разам са сваімі калегамі, мне падабалася, хоць і была даволі складанай. Гэта ў цяперашні час ў райаддзеле даволі вялікі аўтапарк. А тады на месца злачынства мы — аператыўныя супрацоўнікі — часта дабіраліся на спадарожным транспарце. Тым не менш, свае службовыя абавязкі выконвалі дасканала і своечасова. Раскрывальнасць злачынстваў у нашым раёне трымалася на адзнацы 90 працэнтаў, а гэта быў адзін з лепшых паказчыкаў не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Значную дапамогу ў раскрыцці злачынстваў і пошуку тых асоб, хто іх учыніў, нам аказвалі ўчастковыя інспектары міліцыі на месцах. Яны дасканала ведалі людзей, якія пражывалі на падведамнай тэрыторыі, іх заняткі і інтарэсы. У цесным кантакце мы працавалі з участковым інспектарам Лужкаўскага сельсавета Валерыем Леанідавачам Грыцкевічам, Іёдскага сельсавета — Валерыем Мар’янавічам Міштофтам і іншымі. Дзейную дапамогу заўсёды аказваў начальнік Шаркаўшчынскай спецкамендатуры Гардзей Аляксандравіч Жынгель, яго жонка Даната Уладзіміраўна, якая працавала ў пашпартным стале РАУС.

Вялікі ўсплёск злачынстваў выпаў на “ліхія” 1990-я гады. Пачасціліся крадзяжы з магазінаў, дамоў і кватэр. Памятаю выпадак, калі на тэрыторыі нашага і суседніх раёнаў дзейнічала групоўка злачынцаў з Лагойшчыны. Для іх затрыманння аператыўнікі Шаркаўшчынскага РАУС накіраваліся ў гэты горад Мінскай вобласці. Сакавіцкім марозным ранкам мы праследавалі легкавы аўтамабіль “Волга”, які спрабаваў уцячы ад нас. У ім знаходзіліся злачынцы, якія адкрылі агонь, у выніку непасрэдна ў горадзе завязалася перастрэлка. Людзі, якія стаялі на аўтобусным прыпынку, у жаху саскоквалі ў канаву, каб не трапіць пад перакрыжаваны агонь. Нярэдка прыходзілася лавіць злачынцаў і на тэрыторыі Латвіі, у чым нам дапамагалі латвійскія паліцэйскія. Цвёрда ўпэўнены, што служба менавіта ў крымінальным вышуку з’яўляецца самай складанай і небяспечнай сярод іншых структурных падраздзяленняў РАУС. Тут часта даводзілася рызыкаваць уласным жыццём, ахвяраваць сваім здароўем дзеля пошуку і затрымання злачынцаў. Тым не менш, я ніколькі не шкадую, што ў свой час у маладосці абраў менавіта гэту прафесію, якая прыносіць сапраўдную карысць усяму грамадству.

Нягледзячы на тое, што са студзеня 2012 года знаходжуся на заслужаным адпачынку, я не парываю сувязі са сваімі сябрамі-саслужыўцамі. У сваю чаргу, кіраўніцтва раённага аддзела ўнутраных спраў не забывае нас, ветэранаў. Заўсёды віншуюць з днём нараджэння, прафесійным святам, запрашаюць нас і на ўрачыстасці, якія штогод праходзяць у РАУС.

Цяперашнім супрацоўнікам аддзялення крымінальнага вышуку і ўсім, хто звязаў свой лёс са службай у органах унутраных спраў, ад сябе асабіста жадаю поспехаў, шанцавання, здароўя і дабрабыту ў сем’ях. Няхай іх нялёгкая праца заўсёды мае толькі станоўчыя, пазітыўныя водгукі ад людзей.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *