Нашы вядомыя зямлякі: дырэктар мінскай гімназіі № 75 імя П. В. Масленікава Васілій Генадзьевіч Ананька

Актуальное

sm_fullУ сярэдзіне жніўня ў актавай зале Лужкаўскага сельскага Савета было шматлюдна. Жыхары і госці аграгарадка адклалі ўбок усе хатнія справы і паспяшаліся на чарговае мерапрыемства, прысвечанае традыцыйным сустрэчам са сваімі землякамі — знакамітымі, цікавымі людзьмі, для якіх лужкаўская зямля стала сапраўды родным куточкам, куды час ад часу ім хочацца вяртацца, дзе засталася часцінка душы.

Часта наведвае сваю малую радзіму Васілій Генадзьевіч Ананька — дырэктар мінскай гімназіі № 75 імя П. В. Масленікава. На гэты раз ён праехаў знаёмай дарогай каля бацькоўскай хаты і накіраваўся да будынка Лужкаўскага сельвыканкама, дзе паважанага госця з нецярпеннем чакалі знаёмыя і сябры. Распачалося мерапрыемства пад музычныя акорды і аповед  вядучых пра гісторыка-культурную спадчыну аг. Лужкі. Дапаўненнем да сказанага стаў невялікі гістарычны аповед пра адметныя мясціны лужкаўскай зямлі, падрыхтаваны Ларысай Мядзелец — бібліятэкарам Верацееўскай бібліятэкі. Цікавым момантам сустрэчы стаў дыялог старшыні Лужкаўскага сельвыканкама Таццяны Краснадубскай і Васілія Генадзьевіча ў  форме гутаркі “Экзаменацыйны білет”, дзе прадугледжвалася даць разгорнуты адказ на пытанні па тэмах “сямейныя каштоўнасці”, “педагагічнае крэда”, “куток, дзе я дома”, “захапленні, хобі, майстэрства”. Для госця як педагога гэта не выклікала цяжкасцей, бо экзамен з’яўляецца актуальнай і звыклай часткай адукацыйнага працэсу. Атмасфера сяброўства, цеплыні, шчырасці і адкрытасці напоўніла залу ў гэты час. Музычныя нумары ў выкананні супрацоўнікаў Лужкаўскага СДК надалі мерапрыемству ўзнёслы настрой і выклікалі пачуццё настальгіі.

Васілій Генадзьевіч разам з прысутнымі ўспамінаў гады юнацтва, першае захапленне маляваннем і вучобу ў Віцебскім дзяржаўным  педінстытуце імя С. М. Кірава на мастацка-графічным факультэце, плённыя гады працы настаўнікам, завучам, потым дырэктарам школы і ў Міністэрстве адукацыі нашай краіны.

З  цёплынёй і ўдзячнасцю ўспамінаў сваіх бацькоў, якіх, на жаль, ужо няма ў жывых, з гонарам расказваў пра дзяцей і ўнукаў, пра іх захапленні і дасягненні. Дарэчы, дачка Васілія Генадзьевіча —  Таццяна Ананька — сярэбраны прызёр 27-ых Алімпійскіх гульняў  ў Сіднеі па мастацкай гімнастыцы.

Каб стаць асобай, трэба быць неардынарным чалавекам: у працы, жыцці, паводзінах, захапленнях. Васілій Генадзьевіч адметны ва ўсім. Калі хочацца пабыць сам-насам з прыродай, на нейкі час пакінуць штодзённую мітусню, ён захапляецца фотаздымкамі, займаецца работай у садзе, вырошчваннем кветак. Усё гэта стала душэўнай неабходнасцю, эстэтычнай асалодай для героя аповеда, а яшчэ ён прафесійна танцуе.

“Адкрыць сябе — адкрыцца свету” — з такім дэвізам крочыць па жыцці Васілій Генадзьевіч, асаблівае месца ў гэтым накірунку займае педагогіка. У цэнтры ўвагі заўсёды былі і ёсць дзеці: ён вядзе іх па няпростым шляху станаўлення асобы, перажывае са сваімі вучнямі хвалюючыя моманты ў пераадоленні цяжкасцей і радасці перамог. Па словах Васілія Генадзьевіча, педагогіка для яго стала любімай справай, і ні ў якай іншай сферы дзейнасці ён сябе нават не ўяўляе.

Пра гімназію, якая за гады працы стала, без перабольшвання, сапраўды другім домам, пра педагагічны калектыў і сваіх вучнях дырэктар можа гаварыць бясконца. А ганарыцца ёсць чым.

Гімназія № 75 імя П. В. Масленнікава з архітэктурна-мастацкім   накірункам выхавання — установа адукацыі новага тыпу, якая  прызначана садзейнічаць фарміраванню і развіццю ў навучэнцаў сучасных ведаў і творчых здольнасцей, бо вялікая ўвага надаецца такім прадметам як малюнак, жывапіс, архітэктурная кампазіцыя.

Гімназія ўдзельнічае ў дзяржаўным праекце “Нам засталася спадчына”, у рамках якога ствараюцца архітэктурныя макеты будынкаў, палацавых комплексаў, сядзіб і замкаў 18-19 стагоддзяў. Адметна, што працэс рэстаўрацыйнага макетавання дазваляе ўбачыць іх у першапачатковым выглядзе.

У час сустрэчы прысутным прадставілася ўнікальная магчымасць убачыць архітэктурны макет палацава-паркавага комплексу былой графскай сядзібы 18 стагоддзя ў вёсцы Гарадзец, выкананы выпускнікамі мінскай гімназіі. У рабоце выкарастаны кардон і папера, а таксама тканіна, пенапласт, спецыяльная плёнка з адцяняючым эфектам.

макет сядзібы Плятэраў у Гарадцы, падораны Лужкаўскаму сельсавету
макет сядзібы Плятэраў у Гарадцы, падораны Лужкаўскаму сельсавету

Кульмінацыйным момантам сустрэчы стала ўрачыстая цырымонія ўручэння гэтага макета старшыні Лужкаўскага сельвыканкама Таццяне Краснадубскай, якая ў сваю чаргу адзначыла важнасць развіцця цікавасці да сваёй малой радзімы, аднаўлення і захавання гістарычнай спадчыны лужкаўскай зямлі і ўручыла госцю Падзяку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Шаркаўшчынскага райвыканкама “За актыўны ўдзел у мерапрыемствах, накіраваных на зберажэнне аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Лужкаўскага сельскага Савета” і каштоўны падарунак — фотакалаж “Знакамітыя асобы мястэчка Лужкі”. Прадаўжэннем сустрэчы стала абмеркаванне пытанняў далейшага супрацоўніцтва паміж гімназіяй і адукацыйна-выхаваўчымі ўстановамі Лужкаўскага сельсавета.

Л.ГУГАЛІНСКАЯ,

бібліятэкар Лужкаўскай бібліятэкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *