Працоўныя дасягненні, спартыўныя і творчыя перамогі шаркаўшчынскіх газавікоў

Актуальное

Работнікі газавай гаспадаркі Віктар Жойдзь, Міхаіл Шышко, Сяргей Крупко і Андрэй Падабыцька
Работнікі газавай гаспадаркі Віктар Жойдзь, Міхаіл Шышко, Сяргей Крупко і Андрэй Падабыцька

У нашай краіне 2 верасня будзе адзначацца прафесійнае свята работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Ад дзейнасці людзей, занятых у дадзенай галіне, залежыць бесперабойнасць работы ўсіх галін народнай гаспадаркі, камфортнасць жыцця грамадзян.

Шаркаўшчынскі раён газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз” бесперабойна забяспечвае прыродным і звадкаваным газам прадпрыемствы, арганізацыі, шматкватэрныя дамы і прыватны сектар гарадскога пасёлка і раёна. Спецыялісты арганізацыі таксама займаюцца рамонтам, тэхнічным абслугоўваннем аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы і газаспажывання.

За спраўнасцю абсталявання і бесперабойнай падачай прыроднага газу карыстальнікам назірае спецыяльна створаная аварыйная выратавальная служба. Дзякуючы яе спецыялістам пазаштатных сітуацый на газапровадзе няма.

Штат работнікаў арганізацыі вопытны і кваліфікаваны. Іх працоўныя заслугі ў гэтым годзе адзначаны ўзнагародамі рознага ўзроўню. Сярод узнагароджаных Андрэй Міларадаў, Сяргей Таўкінь, Уладзімір Кобелеў, Людміла Паўловіч, Сяргей Крупко, Юрый Кожух, Андрэй Юдыцкі, Міхаіл Шышко, Святлана Паўловіч, Бярнард Бука.

Кантралёр Людміла Паўловіч.
Кантралёр Людміла Паўловіч.

Як і ў мінулыя гады работнікі арганізацыі, акрамя выканання сваіх непасрэдных абавязкаў, актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах як раённага, так і абласнога маштабаў. У шматбор’і “Здароўе” вызначыліся Аляксандр Малыш, Уладзімір Сініца. Дзякуючы намаганням усіх работнікаў Шаркаўшчынскі раён газазабеспячэння заняў прызавое месца па добраўпарадкаванні баз вобласці. У мінулым годзе кампазіцыя з металу “Карэта для Папялушкі” заняла 1-е месца ў аглядзе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва УП “Віцебскаблгаз”. Начальнік Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння Эдвард Вялічка заваяваў 1-е месца ў намінацыі “Аўтарскі твор” з нумарам “Бацькі”. Мужчынская вакальная група ўрачыста павіншавала лепшую палову нашага раёна на канцэрце, прысвечанаму Дню жанчын.

Сёлета работнікі прадпрыемства таксама паставілі перад сабой мэту дасягаць перамог на вытворчасці, у спартыўных і творчых выпрабаваннях. На чарговы конкурс у Віцебск накіруюцца новыя творчыя работы: карціна “Вялікі падворлік”, фотакарціна “Нашы на Месяцы” і выраб з металу — каваны стол “Віцебскаблгаз”.

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік Шаркаўшчынскага раёна газазабеспячэння філіяла “Браслаўгаз” Эдвард Вялічка жадае сваім калегам і тым, хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку, здароўя, аптымізму, дабрабыту ў сем’ях і вялікага асабістага шчасця.

Сяргей РАЙЧОНАК.

IMG_5070 IMG_5074 IMG_5077

IMG_5058 IMG_5062



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *