Напярэдадні Дня работнікаў лесу наш карэспандэнт пабывала ў Полаўскім лясніцтве

Актуальное

 Ігар і Святлана Янушы — разам і дома, і на працы
Ігар і Святлана Янушы — разам і дома, і на працы

Арганізаваць рацыянальнае карыстанне лясамі, паляпшаць іх відавы склад, кантраляваць правільнае выкарыстанне лясной прадукцыі, абараняць лясы ад пажараў, самавольных вырубак і крадзяжоў, ачышчаць маладыя пасадкі ад буралому і смецця — гэта тое, на што павінна быць накіравана дзейнасць кожнай лясной гаспадаркі.

У вёсцы Абалонь Шаркаўшчынскага раёна размяшчаюцца адміністрацыйныя пабудовы Полаўскага лясніцтва, якое ўваходзіць у склад Пастаўскага лясгаса. На працягу многіх гадоў калектыў гэтай установы даглядае за лесам агульнай плошчай 12630 гектараў, пры гэтым значная яго частка, каля сямі тысяч гектараў, размешчана на тэрыторыі нашага Шаркаўшчынскага раёна. Вялікія плошчы лесу з’яўляюцца забалочанымі. Кожны год прадстаўнікі лясной гаспадаркі аднаўляюць лясны фонд, высаджваюць на тэрыторыі каля 10 гектараў саджанцаў, пераважную большасць з іх складаюць бярозы, ліпы, клёны, елкі і сосны. А таксама нарыхтоўваюць паліўную драўніну для патрэб жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Шаркаўшчынскага і Пастаўскага філіялаў абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпал”: працуюць як з арганізацыямі, так і з насельніцтвам. Дзелавую драўніну накіроўваюць у Пастаўскі лясгас.

Калектыў Полаўскага лясніцтва згуртаваны і вопытны, у яго складзе на сённяшні дзень працуюць каля 20 чалавек. І сам ляснічы Аляксандр Венядзіктавіч Дзіковіч заняты ў лясной гаспадарцы вось ужо на працягу 37 год, апошнія 16 з іх — на пасадзе ляснічага Полаўскага лясніцтва. За гэты перыяд кіраўнік дакладна вывучыў кожны куточак свайго лесу. Ён адзначае, што дзякуючы ў першую чаргу зладжанай рабоце ўсяго надзейнага  калектыву прадстаўнікоў Полаўскага лясніцтва ўдаецца паспяхова спраўляцца з пастаўленымі перад гаспадаркай задачамі. Любыя лічбы і паказчыкі ў рабоце — гэта, перш за ўсё, заслуга людзей, што працуюць на перадавой, яны і з’яўляюцца прыкладам і гонарам лясніцтва. У Полаўскім, дарэчы, такіх вельмі шмат. Сярод іх вадзіцель з 24-гадовым стажам работы Валерый Алегавіч Ардынскі — чалавек старой загартоўкі, які на “выдатна” ведае сваю справу і тэхніку, заўсёды падтрымлівае яе ў належным стане і з вялікай адказнасцю выконвае службовыя абавязкі. Валерый Алегавіч родам з нашага раёна. Каля 10 гадоў пражыў у Латвіі. Потым вярнуўся на радзіму і вось ужо амаль чвэрць стагоддзя працуе вадзіцелем аўтамабіля УАЗ у лясніцтве. Разам з сям’ёй пражывае ў вёсцы Курылавічы. Жонка Людміла працуе сацыяльным работнікам. А ўжо дарослы сын Сяргей абраў для сябе будаўнічую спецыяльнасць, ён пражывае ў Мінску.

Вадзіцель Валерый Ардынскі;
Вадзіцель Валерый Ардынскі;

Працуе ў Полаўскім лясніцтве і маладая сямейная пара — Ігар і Святлана Янушы. Ігар Аляксандравіч з’яўляецца майстрам лесу — арганізуе работу леснікоў, вальшчыкаў лесу, прадстаўнікоў іншых рабочых спецыяльнасцей, адказвае за выкананне тэхнікі бяспекі на сваім вытворчым участку, ажыццяўляе кантроль і ўлік за ўсёй лесапрадукцыяй, якая з дапамогай тэхнікі вывозіцца з лесу. Дакладна і своечасова аформіць усю неабходную дакументацыю Ігару дапамагае жонка Святлана. У Полаўскім лясніцтве маладая жанчына на працягу апошніх трох год з’яўляецца лесніком і вядзе ўсю неабходную дакументацыю па ўліку драўніны. Бухгалтар па спецыяльнасці, Святлана выдатна спраўляецца са сваімі службовымі абавязкамі, на яе адказную працу, па словах кіраўніцтва, ніколі не было нараканняў. І муж Ігар таксама ўжо не ўяўляе сябе нідзе, акрамя лясной гаспадаркі, у якой сумленна працуе на працягу апошніх 5 гадоў. Малады майстар лесу з ліку тых працаўнікоў, хто асабіста асвоіў няпростыя рабочыя прафесіі лесніка і вальшчыка лесу. І таму на кіраўніцкай пасадзе маладому чалавеку значна прасцей разумець усе падрабязнасці рабочага працэсу і тых людзей, якія прымаюць у ім непасрэдны ўдзел. У цяперашні час майстар лесу яшчэ і набывае сярэднеспецыяльную адукацыю па сваёй прафесіі ў Віцебскім тэхналагічным каледжы. Святлана і Ігар Янушы пражываюць у вёсцы Полава і выхоўваюць дачку Кацю, якая вучыцца ў 3 класе, таксама, як і бацькі, любіць лес і з задавальненнем прыходзіць да іх на працу.

Як і ў любога іншага лясніцтва, ёсць свая асаблівасць і ў Полаўскага. Гэта — уласная пасека на 100 пчоласем’яў, ад якіх у гэтым годзе было нарыхтавана каля дзвюх тон мёду. Атрыманая прадукцыя рэалізуецца Пастаўскім лясгасам. У Полаўскім лясніцтве работа з пчоламі арганізавана на самым высокім узроўні. У вялікай ступені паспяховае развіццё гэтага накірунку дзейнасці лясніцтва забяспечвае пчаляр арганізацыі Святлана Канстанцінаўна Сікора — чалавек, па словах ляснічага, незамянімы ў сваім калектыве. У гэтым годзе для пчол былі закуплены новыя вуллі, значная работа па захаванні пчоласем’яў ажыццяўляецца і ў халодны перыяд года. А першае, на што звяртаюць увагу наведвальнікі Полаўскага лясніцтва — гэта  прыгожая, з густам аформленая тэрыторыя адміністрацыйнай пабудовы, дзе пасаджана вельмі шмат розных, самых прыгожых сезонных кветак. Кветкаводства таксама — справа рук Святланы Сікора.

— На такіх людзях: сціплых, працавітых і адказных трымаецца наш беларускі лес, — завяршаючы наша знаёмства з Полаўскім лясніцтвам адзначыў ляснічы Аляксандр Венядзіктавіч Дзіковіч. — Лясная гаспадарка вырашае практычна ўсе жыццёва важныя пытанні краіны, пачынаючы з экалогіі і завяршаючы эканомікай.  Мы — частка гэтага ўсяго. І хоць наша лясніцтва — толькі структурнае падраздзяленне, усе разам мы вырашаем надзвычай важныя задачы. Лес — наша “зялёнае золата”, і мы прыкладаем усе намаганні, каб захаваць і павялічыць лясны фонд. Са святам вас, работнікі лесу! Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці ўсім, хто раз і назаўсёды звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай і не шкадуе пра свой выбар. Віншую кожнага работніка і ветэранаў галіны з прафесійным святам, жадаю ўсяго самага найлепшага і на працы, і ў асабістым жыцці. Здароўя, аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні, шчасця і сямейнага дабрабыту вам і вашым родным.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *