Другі тур раённага фальклорнага свята “Старому не забыцца — маладому навучыцца”

Актуальное

Арганізатарам яго ў другі раз быў раённы метадычны цэнтр аддзела культуры, а вядучай мерапрыемства — метадыст па фальклору Алёна Сухаверская.
Удзел у свяце прынялі ўсе фальклорныя калектывы раёна. Галоўная дзея адбывалася на сцэне Цэнтра культуры і народнай творчасці. Вельмі парадаваў гледачоў дзіцячы фальклорны калектыў “Крыжачок” (кіраўнік С. П. Фурс), Германавіцкі ЦКіНТ, удзельнікі якога прадэманстравалі ўрывак з абрада “Гуканне вясны”. Дзяўчаты паказалі, як умеюць спяваць фальклорныя абрадавыя песні і вадзіць карагоды.
Цікавым і насычаным было выступленне ўдзельнікаў гурта “Груца”, яны расказалі і паказалі абрад “Камаедзіца”. Самыя малодшыя з удзельнікаў — гурток “Крынічанька” (кіраўнік Пашкоўскага СДК Н. І. Сельчонак) умела распавядалі і паказвалі прысутным пра вялікае перадвелікоднае свята “Вербная”. Абрад атрымаўся цікавым, яскрава былі раскрыты ўсе асноўныя дзеянні.
Парадавалі сваімі выступленнямі дзіцячы гурток “Вяснянка”  і аматарскае аб’яднанне дарослых “Талака”з Кубелеўшчынскага СК (кіраўнік Л. А. Ананіч). Гэтыя калектывы падрыхтавалі ўрывак з валачобнага абрада на Вялікдзень.
Наступнымі выступалі перад гледачамі дзяўчаты з фальклорнага гурта “Скарбніца” Буеўшчынскага ДКГ. Яны павесялілі прыпеўкамі і байкамі. Пад гучныя апладысменты выступіў фальклорны народны калектыў “Купалінка” (Каўшэлеўскі ДФ, кіраўнік Л. І. Верашчака). Удзельнікі спявалі абрадавыя песні, танчылі. Дарэчы, калектывам пастаўлена больш як 20 абрадаў і вывучана звыш 30 абрадавых песень.
Музычнымі нумарамі павіншавалі прысутных народны вакальны калектыў “Лужкаўскія песняры”і загадчыца Велікасельскага СК Людміла Шашок.
У гэтым туры асноўнай тэматыкай было кола веснавых святаў, выкананых народнымі калектывамі. Трэці, заключны тур, пройдзе ў жніўні пад назвай “На новае лета”.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі дыпломы аддзела культуры і “салодкія”падарункі, а галоўнае — цёплыя ўраджанні ад свята.
Кацярына СОСНА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *