Іосіф Квач з Жукоўшчыны і Леанід Дзікцяроў з Відзаў разам здымаюць кіно

Актуальное

IMG_2982У канцы ліпеня ў Жукоўшчыне прайшло свята вёскі. Пра гэта падрабязна мы паведамлялі чытачам на старонках раённай газеты. Цікавай адметнасцю мерапрыемства стала прэм’ера аматарскай кінавідэастужкі “Лявоніха”. Справа ў тым, што ў гарадскім пасёлку Відзы Браслаўскага раёна пражывае Леанід Дзікцяроў. Ён з’яўляецца выкладчыкам гуманітарных дысцыплін мясцовага каледжа. Мужчына захапляецца відэаздымкамі, манціруе відэаролікі, невялікія відэафільмы, у асноўным, на краязнаўчую тэматыку. Як сказаў сам Леанід, за чатыры гады ён зняў больш за 30 відэафільмаў. Два гады таму назад Леанід Дзікцяроў на “Яблычным фэсце” ў Алашках пазнаёміўся з Іосіфам Квачом з вёскі Жукоўшчына. Абодвум было цікава, хто з іх якімі заняткамі ў вольную хвіліну займаецца. Даведаўшыся пра захапленні, агульныя інтарэсы, Леанід і Іосіф пасябравалі.

Вынікам творчага тандэма стала стварэнне відэароліка на літаратурны твор Іосіфа Квача “Не косіць Венька Абалонь”. Ён прысвечаны мужчынскай палове жыхароў вёсак былога калгаса “Іскра”, якія адышлі ў вечнасць. Чарговай сумеснай працай стала стварэнне кінакамедыі “Лявоніха”.

— Зняць менавіта кінакамедыю прапанаваў Леанід, — кажа нам Іосіф Квач. — Мне трэба было напісаць сцэнарый і падабраць акцёраў з ліку мясцовых жыхароў. Калі сцэнарый быў падрыхтаваны, многія людзі, ад якіх я хацеў атрымаць згоду для здымак у фільме, на жаль, адказваліся. Тым не менш, дапамогу аказалі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Іскроўцы”, які існуе пры Жукоўшчынскім сельскім клубе. Здымкі кінакамедыі пачаліся ў ліпені 2017 года, а працэс мантажу відэастужкі завяршыўся толькі праз год.

Па сюжэтнай лініі відэафільма ў адной з вёсак пражывала сямейная пара. Муж быў вельмі працавіты і прыстойны чалавек. А вось яго жонка, якую ён за кепскі характар часта называў “Лявоніхай”, заўсёды шукала лёгкага хлеба, да сялянскай працы была неахвочай. Яна заўсёды прапаноўвала мужу заняцца такой справай, каб і фізічна не ператамляцца і каб вялікі грашовы прыбытак з гэтага мець. Удваіх яны нават ездзілі да бабкі-варажбіткі, якая варажыла на картах і магла прадказаць будучы лёс. Шмат праз якія выпрабаванні прыйшлося прайсці жонцы і мужу, каб упэўніцца, што толькі шчырай працай можна дасягнуць поспехаў у жыцці, у тым ліку, і асабістым.

Канечне, не мае сэнсу расказваць ўвесь змест кінакамедыі — яе трэба паглядзець уласна, тым больш, што ў ёй ёсць мноства павучальных сюжэтаў, якія сямейныя пары могуць узяць для сябе ў якасці прыкладу, каб жыць, моцна кахаючы і паважаючы адно аднаго.

Галоўныя ролі выканалі Іосіф Квач і Тамара Літвіновіч. У фільме таксама здымаліся Леанід Дзікцяроў, Мая Касарэўская, Віктар Мурашкін, Ганна Паўлава, Аляксандр Райчонак і Анастасія Квач.

Запіс кінакамедыі “Лявоніха” маецца ў Жукоўшчынскім сельскім клубе і ў Іосіфа Квача. Мяркуем, што многім будзе цікава прагледзець відэастужку, бо у ёй шмат яскравых прыкладаў з жыцця.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *