
У мінулую нядзелю ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа адбылася ўрачыстая Імша з нагоды 30-годдзя служэння Богу і людзям пробашча парафіі ксяндза Кшыштафа Сілкоўскага. На святочнай Імшы прысутнічалі старшыня райвыканкама Мечыслаў Віктаравіч Морхат і начальнік аддзела культуры райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч.
Пасля заканчэння малітвы Мечыслаў Віктаравіч павіншаваў Кшыштафа Сілкоўскага і ўсіх вернікаў каталіцкага касцёла з такой урачыстасцю, уручыў святару Ганаровую грамату райвыканкама за развіццё духоўнасці і культуры, а ў якасці падарунка для наведвальнікаў нядзельнай школы — тэлевізар. Ад аддзела культуры Іна Мар’янаўна падарыла карціну з краявідамі Шаркаўшчыны і, зразумела, кветкі.
Цёплыя словы віншавання, кветкі і падарункі святару былі ад парафіян Шаркаўшчыны, аграгарадка Іёды (куды не раз даязджаў ксёндз), навучэнцаў нядзельнай школы, якія чыталі вершы і спявалі. Было шмат індывідуальных віншаванняў з розных куткоў Беларусі і не толькі…Свае віншаванні даслаў біскуп Уладзіслаў Блін — ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, а таксама святары з яго ордэна.
Вось некалькі вытрымак з віншавальных паштовак: “У гісторыю

Шаркаўшчынскай парафіі Ваша імя ўжо запісана залатымі літарамі, бо менавіта Вы, шаноўны наш Ойча, з’яўляецеся першым пробашчам Шаркаўшчынскага касцёла, адроджанага пасля гадоў бязбожжа. Гэта Вас вымалілі ў Бога вернікі, бо ў Шаркаўшчыне на працягу 40 гадоў не было ні касцёла, ні ксяндза. Больш таго, вы з’яўляецеся будаўніком нашай святыні…”
“Куды б не закінуў Вас лёс жыццёвы, —
На тое былі падставы.
Людзям даносіце Божае слова,
За гэта ўдзячнасць і слава…”
Хто ж ён, Кшыштаф Сілкоўскі? Нарадзіўся ў горадзе Сувалкі (Польша) у 1954 годзе. Скончыў сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці садавод. Духоўную адукацыю атрымаў у навіцыяце горада Плішчын каля Любліна і Вышэйшай місійнай семінарыі ў г. Стаднікі. У чэрвені 1982 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Амаль дзесяць гадоў працаваў на місіі ў Заіры (Афрыка). З 1992 года — у Беларусі. У 1992—1995 г.г. яго стараннямі пабудаваны ў нашым райцэнтры касцёл Узвышэння Святога Крыжа. Пасля шэсць гадоў працаваў у парафіі святога Антонія Падуанскага і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Паставах. І ўжо 15 гадоў як Кшыштаф Сілкоўскі зноў у Шаркаўшчыне.
Асаблівыя ўражанні захоўвае святар у сваёй памяці ад святарскага жыцця на “чорным” кантыненце:
“У Афрыку я трапіў, як у цяпліцу, дзе патрэбна было працаваць круглыя суткі. Я сам адчуў руку Бога і быў моцна ўдзячны Яму за тое, што высадзіў мяне на тую глебу, дзе ўзрастаў духоўна і дапамагаў узрастаць людзям, пра якіх амаль што нічога не ведаў. Заір узбагаціў мяне, расшырыў мне веды і ўяўленні аб наваколлі, аб сусвеце, аб чалавеку, як Божым стварэнні.”
Кшыштаф Сілкоўскі запрашае прыхаджан касцела займацца добраўпарадкаваннем тэрыторыі каля касцёла. Імкнецца стварыць наўкола прыгажосць і ўтульнасць.
Ксёндз Кшыштаф Сілкоўскі належыць да тых вучняў Хрыста, каго Ён прызваў да Сябе і паслаў абвяшчаць Яго вучэнне народам.
Кацярына СОСНА