Настаўнік — прафесія дальняга дзеяння. Здараецца так, што яе прадстаўнікі не паспяваюць убачыць, як адгукнулася ў канкрэтным вучні тое, што яны калісьці сказалі ці зрабілі. Для дзяцей жа вобраз любімага педагога пройдзе праз усё іх жыццё. Добры і справядлівы, строгі і патрабавальны, вопытны настаўнік, які шмат ведае, і малады, які радуе дзяцей сваёй непрадказальнасцю, — усе яны будуць узорам таго, якім жа яму, вучню, быць у гэтым жыцці.
Многія пакаленні вучняў былой Слабадской сярэдняй школы з вялікай удзячнасцю, павагай і цеплынёй успамінаюць свайго настаўніка гісторыі і фізічнай культуры , які 11 кастрычніка адзначыць свой 90-гадовы юбілей.
Ён нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у вёсцы Алашкі. Закончыў Слабадскую сямігадовую школу, паступіў у Пастаўскае педвучылішча. Пасля вучобы і службы ў радах Савецкай арміі, якую праходзіў у Петрапаўлаўску-Камчацкім, вярнуўся ў Слабадскую школу, куды быў прызначаны ваенруком. У гэты ж час вучыўся на завочным аддзяленні ў Нова-Вільнянскім настаўніцкім інстытуце. З 1957 года працаваў у школе настаўнікам гісторыі. З 1959 па 1962 год вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным педінстытуце. А пасля ўсё жыццё, аж да выхаду на заслужаны адпачынак, быў адным з лепшых настаўнікаў у Слабадской сярэдняй школе — навучальнай установе, якую, у свой час, закончыў і сам.
— Веды, якімі валодаў Леанід Іванавіч, уражваюць нас, педагогаў, і сёння, — паведаміла адна з вучаніц Леаніда Іванавіча, былая настаўніца і дырэктар Слабадской сярэдняй школы Галіна Іванаўна Сікора. — Гэтага чалавека вельмі паважалі ў калектыве як чалавека і як спецыяліста. Ён выдатна ведаў свой прадмет і ўмеў яго выкладаць так, каб зацікавіць гісторыяй усіх сваіх вучняў. На ўроках ён па-майстэрску ўмеў спалучаць дабрыню да дзяцей і патрабавальнасць, быў дастаткова строгім педагогам. Выдатна заслужаны настаўнік спраўляўся і з абавязкамі выкладчыка фізкультуры: у перыяд яго працы слабадскіх дзяцей сталі заўважаць на раённых спаборніцтвах як перспектыўных спартсменаў. І ў самой школе пад кіраўніцтвам Леаніда Іванавіча вучнямі было пастаўлена многа спартыўных рэкордаў. Надзвычай адукаваны, эрудыраваны педагог, Леанід Іванавіч захапляўся беларускай мовай і культурай, вельмі шмат чытаў, прывіваў дзецям любоў да прыроды свайго роднага краю. Шмат працаваў у школьным дэндрарыі, на вучэбна-вопытным участку выводзіў новыя сарты раслін.
Усё жыццё ў нашай школе адпрацавала і жонка юбіляра Праскоўя Іванаўна Зарэцкая — выдатная настаўніца біялогіі. На жаль, яе ўжо некалькі гадоў няма ў жывых. З Леанідам Іванавічам яны пражылі 56 год. У Алашках пабудавалі прыгожы дом, выхавалі і вывучылі дваіх дзяцей, дапамагалі выхоўваць унучку. Сёння ў Леаніда Іванавіча ўжо двое праўнукаў.
Cын юбіляра Віктар жыве і працуе на Пастаўшчыне. Жыхары нашага раёна больш ведаюць дачку Леаніда Іванавіча, загадчыцу педыятрычнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Святлану Леанідаўну Магалінскую. Праз клапатлівыя рукі гэтага паважанага ўрача прайшло не адно пакаленне маленькіх шаркаўчан. На працягу апошніх 5 гадоў Леанід Іванавіч пражывае ў дачкі ў Шаркаўшчыне.
Падводзячы вынік нашай размовы, Галіна Іванаўна Сікора адзначыла:
— У нас была цудоўная Слабадская школа і выкладалі ў ёй выдатныя настаўнікі. Сярод тых, хто запомніўся вучням і педагогам на доўгія гады, — Леанід Іванавіч Зарэцкі, якога ўсе, у чыім жыцці гэты цудоўны чалавек пакінуў адметны след, віншуюць з юбілеем! Са святам Вас, паважаны Леанід Іванавіч. Няхай зараду бадзёрасці, аптымізму і здароўя, атрыманага ў слаўнай маладосці, хопіць вам яшчэ на доўгія гады! Шчасця вам і ўсім вашым родным!
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
У знак павагі і шчырай удзячнасці за працу і з нагоды прыгожага 90-гадовага юбілею для Леаніда Іванавіча Зарэцкага Галіна Іванаўна Сікора напісала верш. З задавальненнем друкуем яго на старонках нашай раённай газеты:
Любімы, паважаны наш настаўнік!
У сэрцы нашым ты заўжды жывеш.
Разважлівы, прыгожы, часам строгі
У краіну ведаў за сабой вядзеш.
Нам, непаседам, завадным і юным,
Падараваў усе свае гады.
Мы любім Вас і вельмі паважаем,
У памяці Вы — самы малады.
Усё жыццё мы выканаць імкнёмся
Галоўны, самы важны запавет:
Быць чалавекам чэсным, працавітым,
Каб не было на свеце цяжкіх бед.
Каб кожны дзень нам сонейка свяціла
І сагравала нас сваім цяплом.
Каб песня родная залівіста гучала,
За дабрыню плацілі ўсе дабром.
Няхай любоў людзей Вас акружае,
Няхай душа не рвецца на пакой.
Здароўя, светлых дзён мы Вам жадаем!
Душа хай будзе вечна маладой!