Жанна і Уладзімір Пундзісы: дуэт у жыцці і на сцэне

Актуальное

Жанна, Уладзімір і Макар Пундзісы
Жанна, Уладзімір і Макар Пундзісы

Іх песні гучаць на ўсіх раённых канцэртах і фестывалях,   галоўных урачыстасцях нашага гарадскога пасёлка. А асабістае шчасце і работа — паняцці неаддзялімыя адно ад аднаго. Сваю сям’ю Жанна і Уладзімір Пундзісы стварылі 18 год таму. З той пары гэта творчая сямейная пара амаль заўсёды разам — і ў жыцці і на сцэне.

За гэты час падрыхтоўка да канцэртаў і выступленні на сцэне раённага Цэнтра культуры сталі для сям’і агульнай справай. Калі іх маленькаму сыну Макару было яшчэ толькі 4 гады, Жанна і Уладзімір упершыню вывелі яго на раённую сцэну. З таго часу прайшло 13 год. Зараз Макар — студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, будучы “інжынер-праграміст”.  У мінулым годзе гэты малады чалавек закончыў сярэднюю школу “з адзнакай” і ўвайшоў у лік лепшых вучняў года ў нашым гарадскім пасёлку. А ў якасці будучай прафесіі выбраў спецыяльнасць, звязаную з дакладнымі навукамі — матэматыкай і фізікай. Пры гэтым месца для творчасці ў яго жыцці будзе заўсёды, адзначае сам Макар. Бо ён усё ж — сын сваіх бацькоў, прыклад якіх заўсёды будзе перад вачамі.

Жанна Мікалаеўна пачала працаваць у сферы культуры ў нашым гарадскім пасёлку 24 гады назад. Яшчэ будучы студэнткай, падчас вучобы ў Віцебскім вучылішчы культуры яна з’яўлялася ўдзельніцай калектыву “Талака” Віцебскай дзяржаўнай філармоніі, добра вядомага ў нашай краіне і сёння. Пасля заканчэння вучобы па сямейных абставінах вярнулася на “малую радзіму” ў Шаркаўшчыну, у Доме культуры пачынала працаваць культарганізатарам. На працягу апошніх 17 гадоў з’яўляецца  намеснікам дырэктара раённага цэнтра культуры: ажыццяўляе пастаноўку большасці раённых мерапрыемстваў, сама складае сцэнарыі, адказвае за арганізацыю многіх раённых святочных праграм. З’яўляючыся адной з лепшых салістак раённага Цэнтра культуры, выступае з эстраднымі музычнымі нумарамі на канцэртах, а таксама прымае ўдзел у раённых дзіцячых спектаклях і пастаноўках. Вялікае задавальненне ад сваёй творчай дзейнасці Жанна атрымлівае і як кіраўнік дзіцячай эстраднай студыі “Карамелькі”, якую наведваюць дзеці розных узроставых груп, пачынаючы з 4 год. Прыгожыя музычныя кампазіцыі з удзелам маленькіх шаркаўчан, пад кіраўніцтвам Жанны, здольныя ўпрыгожыць любое свята і любую сцэну. З гэтым пагадзяцца многія гледачы нашых раённых канцэртаў

А яшчэ некалькі гадоў таму Жанна і Уладзімір Пундзісы стварылі эстрадны гурт “Рэзананс”, у якім і самі выступаюць у якасці салістаў, дэманструючы высокі ўзровень прафесійнага майстэрства.

Па словах Жанны, муж Уладзімір як на працы, так і ў асабістым жыцці заўсёды з’яўляецца для яе надзейнай падтрымкай і апорай. А сумесная творчасць і агульныя інтарэсы толькі ўмацоўваюць іх дружную сям’ю.

Уладзімір закончыў Мінскі інстытут культуры і таксама вось ужо на працягу 25 гадоў працуе ў раённым цэнтры культуры. Свой лёс з музыкай мужчына звязаў невыпадкова, вялікі ўплыў на станаўленне Уладзіміра як музыканта аказаў любімы настаўнік — выкладчык Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў па класе баяна Мечыслаў Эмануілавіч Касцюк. Зараз Уладзімір сам піша музыку, іграе практычна на ўсіх музычных інструментах і , з’яўляючыся ў раённым Цэнтры культуры гукарэжысёрам, паспяхова выступае на сцэне ў якасці саліста.

Без гэтай моцнай сямейнай пары ўжо немагчыма ўявіць шаркаўшчынскую сцэну. Іх выступленні заўсёды выклюкаюць авацыі і гучныя апладысменты гледачоў. Жанна і Уладзімір стварылі паспяховы дуэт: і ў жыцці, і на сцэне. Творчыя, абаяльныя, занятыя любімай справай яны жывуць ў гармоніі з сабой і навакольным светам і без сумнення з’яўляюцца адной з самых моцных сямейных пар Шаркаўшчыны. А яшчэ ганарацца поспехамі сына, бо зрабілі ўсё магчымае, каб перадаць яму ўсё лепшае.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *