
Надыходзіць лета са ўсімі яго радасцямі. Сярод іх, канечне, і купанне. Яшчэ у пачатку мая Шаркаўшчынскі райвыканкам прыняў рашэнне «Аб падрыхтоўцы да сезона зон масавага адпачынку насельніцтва на вадаёмах Шаркаўшчынскага раёна і ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўна-грамадскай арганізацыі “Таварыства выратавання на вадзе». Згодна з ім пляжы гарадскога пасёлка па вуліцах Вадап’янава, Заслонава, Вішнёвая, вёсак Пятровічы, Юзэфова замацаваны за УКП ЖКГ, пляж на возеры Валозева (в. Буды) за таварыствам з дадатковай адказнасцю «Ельня-Экатур, пляжы населеных пунктаў Гарадзец, Лужкі за КУВСП «Гарадзец». Указаным арганізацыям неабходна абсталяваць пляжы ўсім неабходным і навесці парадак. Сельскім выканаўчым камітэтам даручана вызначыць ва ўсіх населеных пунктах, размешчаных паблізу ад рэк, азёр і іншых вадаёмаў, месцы для купання, папярэдне ўзгадніўшы іх з таварыствам выратавання на вадзе. Перад адпаведнымі службамі пастаўлены задачы па кантролі за грамадскім парадкам у зонах адпачынку каля вады, санітарным станам пляжаў, арганізацыі дзяжурства медыцынскіх пастоў.
Работа па папярэджанні няшчасных выпадкаў ускладзена на таварыства выратавання на вадзе. Яго старшыня Валянцін Станіслававіч Ткачонак паведаміў, што 23 мая адбыліся традыцыйныя вадалазнае абследаванне і ачыстка дна акваторый пляжаў ад небяспечных прадметаў. Пляж на рацэ Дзісна па вуліцы Вадап’янава будзе працаваць з 10.00 па 22.00 гадзін, з 15 мая па 15 верасня тут будзе дзейнічаць выратавальны пост.
— Цяпер, калі распачаўся купальны сезон і канікулы ў школьнікаў, — гаворыць Валянцін Станіслававіч, — хацелася б звярнуцца з асаблівай просьбай да бацькоў. Абавязкова правядзіце прафілактычныя гутаркі са сваімі дзецьмі і патлумачце, якую небяспеку можа таіць парушэнне правілаў адпачынку на вадзе. І не адпускайце іх купацца без нагляду, пры іх купанні на пляжы абавязкова павінны прысутнічаць дарослыя.
Андрэй БУРЭЦ
