25 кастрычніка 90-гадовы юбілей адзначыў Міхаіл Мацвеевіч Хамянок з вёскі Абалонь

Актуальное

IMG_8956 (Копировать)Юбілей – гэта не проста дзень нараджэння, а, напэўна, своеасаблівая  мяжа паміж пражытымі этапамі жыцця. Вялікую павагу выклікаюць людзі, якія дажылі да 90-гадовага юбілею, бо пераадолець такі жыццёвы рубеж даводзіцца далёка не ўсім.

25 кастрычніка  былому ляснічаму Полаўскага лясніцтва, а зараз пенсіянеру  Міхаілу Мацвеевічу Хамянку з вёскі Абалонь споўнілася ні многа ні мала —  90 год! З прыгожым юбілеем  заслужанага работніка лясной гаспадаркі  павіншавала шмат людзей: родныя і знаёмыя, аднавяскоўцы. З падарункамі, музычнымі віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі ўсяго самага найлепшага ў дзень 90-гадовага юбілею да Міхаіла Мацвеевіча завіталі  старшыня і кіраўнік спраў Станіславоўскага сельскага Савета дэпутатаў Алена Георгіеўна Сідарчук і Алёна Уладзіміраўна Седзюкевіч, ляснічы Полаўскага лясніцтва Аляксандр Венядзіктавіч Дзіковіч, загадчыца Жукоўшчынскага сельскага клуба Надзея Пятроўна Кіраенка,  музыкант з Жукоўшчыны  Мікалай  Уладзіміравіч Кіраенка. Некалькі прыгожых музычных нумароў у якасці падарунка юбіляру прагучалі  і ад юнай артысткі  — вучаніцы Стаіславоўскай базавай школы Паліны Касарэўскай.

Чатыры дзясяткі гадоў  Міхаіл Мацвеевіч Хамянок адпрацаваў ляснічым у Полаўскім лясніцтве. А нарадзііўся юбіляр на Ушаччыне. Пасля заканчэння Полацкага ляснога тэхнікума па размеркаванні прыехаў у Абалонь на працу ў Полаўскае лясніцтва,дзе спачатку быў памочнікам ляснічага. І, як кажуць, затрымаўся там  на ўсё астатняе жыццё. У гэтым жа лясніцтве тры з паловай дзясяткі гадоў галоўным бухгалтарам адпрацавала і жонка юбіляра  —  Антаніна Іванаўна, нядаўна яна таксама адзначыла свой 90-гадовы юбілей.  У Абалоні Міхаіл і Антаніна Хамянкі пабудавалі свой дом, выхавалі дзяцей і ўнукаў, дачакаліся праўнукаў. Сваю сям’ю муж і жонка стварылі 66 год назад.

-Нам ужо  180 год на дваіх,-з жартам адзначаюць Міхаіл Мацвеевіч і Антаніна Іванаўна. А калі сур’ёзна, чым гэта  не падстава для гонару? За шэсць з паловай дзясяткаў гадоў , што пражылі разам, Міхаіл Мацвеевіч і Антаніна Іванаўна выхавалі траіх дзяцей, усім дапамаглі атрымаць вышэйшую адукацыю. Зараз у дзядулі і бабулі ўжо шасцёра дарослых унукаў, столькі ж праўнукаў.Усе яны частыя і заўсёды жаданыя госці ў доме старэйшага пакалення сям’і  Хамянкоў.

А юбіляр з настальгіяй і асаблівай цеплынёй успамінае і сваю маладосць, і гады працы ў лясніцтве. За чатыры дзесяцігоддзі  працы Міхаіла Мацвеевіча  ў лясніцтве лес ні разу не гарэў. І гэта, у вялікай ступені, рэзультат дасканала прадуманай, арганізаванай  і мэтанакіраванай працы ўсяго калектыву работнікаў лесу і паказчык належнай работы ляснічага.

-Шмат людзей звярталася ў лясніцтва ў былыя гады. Драўніна была вельмі запатрабавана не толькі як від паліва, але і ў вялікіх аб’ёмах выкарыстоўвалася для будаўнічых работ,-успамінае Міхаіл Мацвеевіч.  Сам жа былы ляснічы заўсёды стараўся дапамагчы вяскоўцам, нікому не адмаўляў, аказваў канкрэтную дапамогу сем’ям, якія будавалі сабе дамы. Таму і сёння многія жыхары Станіславоўскага сельскага Савета з вялікай удзячнасцю і павагай  успамінаюць Міхаіла Хамянка – былога ляснічага Полаўскага лясніцтва, для якога патрэбы людзей, аднавяскоўцаў  заўсёды былі на першым плане.

-Мікалай Мацвеевіч і Антаніна Іванаўна –  шчырыя працавітыя людзі, якія дастойна пражылі сваё няпростае жыццё, выхавалі дзяцей і ўнукаў і, будучы ўжо даўно на заслужаным адпачынку,  не страцілі бадзёрасці і аптымізму,цікавасці да жыцця, — адзначыла ў дзень юбілею М. М. Хамянка загадчыца Жукоўшчынскага сельскага клуба Надзея Пятроўна Кіраенка. Гэта творчая жанчына не па чутках ведае, як стварыць свята для сваіх землякоў, якія шмат гадоў працавалі,  памнажалі дабрабыт  рэгіёну і ў якіх і сёння варта многаму павучыцца. А ў дзень юбілею Мікалая Мацвеевіча работнікі культуры  з Жукоўшчыны разам з кіраўніцтвам сельвыканкама падрыхтавалі для старэйшай сямейнай пары нашага раёна і іх родных   выдатны канцэрт –з любімымі песнямі , шчырымі віншаваннямі і найлепшымі пажаданямі.

З задавальненнем далучаемся да ўсіх віншаванняў і жадаем юбіляру і яго спадарожніцы жыцця ўсяго самага найлепшага — асабліва шчасця,моцнага  здароўя, бадзёрасці і невычарпальнай жыццёвай энергіі.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.IMG_8915 (Копировать) IMG_8932 (Копировать) IMG_8938 (Копировать) IMG_8948 (Копировать)IMG_8966 (Копировать)IMG_8962 (Копировать) IMG_8963 (Копировать)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *