Першы крапавы берэт Шаркаўшчыны ў Віктара Касцюкевіча

Актуальное

“Паважаныя Марыя Генрыхаўна і Ігар Мечыслававіч! Камандаванне унутрааных войск Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь выказвае вам удзячнасць за выдатнае выхаванне сына Віктара, які з’яўляецца прыкладам у выкананні воінскага абавязку, праяўляе вытрымку, самаадданасць, ініцыятыву і рашучасць пры выкананні службова-баявых задач, карыстаецца павагай і аўтарытэтам у калектыве.”
Такое падзячнае пісьмо атрымалі бацькі Віктара Касцюкевіча, нашага земляка, які нядаўна завяршыў службу ў спецназе ўнутраных войск Беларусі.
Віктар стаў першым у Шаркаўшчыне ўладальнікам крапавага берэта, ганаровага сімвала прафесіяналізму і мужнасці спецназаўца. Разам з шаркаўчанінам да выканання нарматываў было дапушчана звыш 60 чалавек. Пасля этапа праверкі агульнай фізічнай падрыхтоўкі, выканання прыёмаў рукапашнага бою засталася толькі палова байцоў. Затым марш-кідок на 15 кіламетраў у поўным абмундзіраванні з пераадольваннем водна-пясчана-гарыстых і іншых перашкод. Затым вогненна-штурмавая паласа, якая нагадвае вуліцу пасля бамбёжкі, са шчыльнай дымавой завесай, выбухамі: бервяно, сцяна, агонь, ізноў сцяна, аўтаматныя чэргі справа і злева. У процівагазах паўзком па тунелю даўжынёй 30 метраў. Пасля гэтага стральба з трох відаў баявой зброі. У выніку “да 12-ці хвілін пекла” дайшлі толькі 8 хлопцаў. А “пекла” — гэта 12 хвілін на рынгу са зменай чатырох сапернікаў, уладальнікаў крапавага берэта. Пасля завяршэння паядынкаў хлопцы, ад якіх яшчэ зусім нядаўна даводзілася атрымліваць моцныя ўдары, першымі, як сябры, абдымалі сямёрку новаспечаных членаў іх “крапавага брацтва”, у тым ліку і Віктара Касцюкевіча.
Разам з Віктарам гэты іспыт праходзіў камандзір 3-га ўзвода 2-й роты спецназа ваеннай часці 3214 лейтэнант Канстанцін Лушчынскі, майстар спорту па рукапашнаму бою, чэмпіён кубка рэспублікі Міністэрства ўнутраных спраў. Для яго паспяховай стала толькі гэта чацвёртая спроба.
Камандзір першага батальёна спецназа маёр Клімовіч адзначыў, што сам здаў з трэцяй спробы.
Шаркаўчанін Віктар Касцюкевіч вытрымаў і пераадолеў усе выпрабаванні з першага разу. Немалаважнае значэнне аказаў і той факт, што ў дзяцінстве і юнацтве ён сістэматычна займаўся таэквандо, стаў кандыдатам у майстры спорту і чэмпіёнам Беларусі сярод юніёраў у гэтым відзе спорту. На доўгім шляху да перамогі яго падтрымлівалі бацькі, якія неаднаразова казалі: “Цярпі Віктар, закаляйся і пераадольвай усе перашкоды”. І Віктар змагаўся, падаў, уставаў і, сабраўшы волю ў кулак, ізноў крочыў да вызначанай мэты.
Да гонару і радасці бацькоў, трэнера, ды і ўсяго шаркаўшчынскага краю мы з заміраннем сэрца назіралі на тэлеэкранах, як камандуючы ўнутранымі войскамі генерал-маёр Валерый Гайдукевіч уручаў Віктару запаветны берэт колеру крапа, як ваеннаслужачыя схілялі калена, вуснамі прыпадаючы да вельмі дарагой узнагароды.
Пасля заканчэння тэрміновай вайсковай службы наш зямляк адзначаны Падзячным пісьмом міністра абароны Рэспублікі Беларусь, якое да таго ж давала магчымасць працаўладкавання ва ўсе сілавыя структуры без дадатковай перападрыхтоўкі.
Пастулат “доўг, гонар, бацькаўшчына” зараз для Віктара Касцюкевіча не проста словы, а і прынцып прафесійнай дзейнасці.
Нам застаецца толькі падзякаваць Віктару за актыўную жыццёвую пазіцыю, мэтанакіраванасць, вытрымку і мужнасць, а таксама парадавацца таму, што ў ліку самых дастойных уладальнікаў крапавага берэта цяпер і прадстаўнік Шаркаўшчынскага краю.
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама



2 комментария по теме “Першы крапавы берэт Шаркаўшчыны ў Віктара Касцюкевіча

  1. А это мой племянник!Мы гордимся им!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *