Дзясяткі вучняў з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць сваю школьную настаўніцу Людмілу Іванаўну Недзведзь

Молодежь

130У кожнага з нас былі і ёсць у жыцці настаўнікі. Менавіта яны выпраўляюць нас у самастойнае жыццё, даючы наказ: “З годнасцю пранясіце высокае званне Чалавек!”. І мы выпраўляемся, але не заўсёды задумваемся пра тых, хто нас праводзіць, успрымаем гэта як належнае. А настаўнікі перажываюць, ці скарыстаем мы гэты нябачны падарунак належным чынам.

Дзясяткі вучняў з вялікай удзячнасцю ўспамінаюць школьныя гады, якія правялі разам са сваёй школьнай настаўніцай Людмілай Іванаўнай Недзведзь. Час няспынна ідзе наперад, а ва ўспамінах кожнага з іх Людміла Іванаўна назаўсёды засталася нібы другой маці, якая навучыла дабру, чуласці, павазе і дабрыні.

У дзень нараджэння Людмілы Іванаўны мы разам са старшынёй раённай арганізацыі ветэранаў педагагічнай працы Ядзвігай Баляславаўнай Чарвінскай адправіліся ў вёску Тадуліна, каб павіншаваць юбілярку, даведацца пра яе жыццёвы шлях.

Людміла Іванаўна, якая з самага ранку прымала віншаванні ад родных, былых калег, вучняў і аднавяскоўцаў, сустрэўшы нас, гасцінна запрасіла прайсці ў свой дом.

— Ведаеце, мне нават цяжка паверыць, што так хутка бяжыць час, — кажа Людміла Іванаўна. — Здаецца, літаральна ўчора пачынала свой прафесійны шлях у педагогіцы, а ўжо чвэрць веку знаходжуся на заслужаным адпачынку. Нарадзілася я ў невялікай вёсцы Мар’янполле паблізу Шкунцікаў. Бацькі мае былі адукаванымі людзьмі. Тата, Іван Францавіч, пасля заканчэння Дзісненскай народнай гімназіі вучыўся ў Маскве ў ваенным вучылішчы, меў званне падпаручніка. Там жа пазнаёміўся з маёй мамай Аляксандрай Іпалітаўнай — ураджэнкай Санкт-Пецярбурга. Пасля рэвалюцыі 1917 года тата вярнуўся ў родныя мясціны, прывёз з сабою і маці. Абое яны працавалі ў Шкунцікаўскай школе. Дзякуючы бацькам я ўжо ў пяцігадовым узросце пачала чытаць. Пасля вайны, у 1947 годзе, пайшла вучыцца ў Мнюцінскую пачатковую школу, затым былі Шкунцікаўская сямігодка і Германавіцкая СШ. Я заўсёды была актыўнай вучаніцай: з’яўлялася старшынёй савета атрада, дружыны, сакратаром камсамольскай арганізацыі.

Пасля атрымання атэстата аб сярэдняй адукацыі хацелася вучыцца і далей, але складанае матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла гэта зрабіць. Таты к гэтаму часу ўжо не было, а мне прыходзілася дапамагаць маці, якая працавала на пошце. Разам з ёй разносіла па навакольных вёсках газеты, часопісы, лісты і іншую карэспандэнцыю, каб зарабіць на пражыванне ў той складаны час. Калі памерла маці, старэйшы брат Леанід прапаноўваў мне пераехаць да яго ў Маскву, але я адмовілася. Другі мой брат Расціслаў працаваў настаўнікам ў Болкалаўскай школе, а сястра Іраіда настаўнічала ў пачатковай школе вёскі Таўкіні. Вось да яе я і пераехала жыць. Працаўладкавалася ў Корніцкае аддзяленне паштовай сувязі. У мае абавязкі ўваходзіла правядзенне падпіскі на перыёдыку па вёсках трох калгасаў — імя Сталіна, “Камінтэрн” і “Усход”.

У 1959 годзе сустрэла свайго спадарожніка жыцця — маладога хлопца Генрыха, з якім неўзабаве згулялі вяселле. Мара пра далейшую вучобу і набыццё прафесіі педагога не пакідала мяне. А здзейснілася яна ў 1962 годзе, калі я стала студэнткай гісторыка-філалагічнага факультэта Гродзенскага педінстытута, які закончыла праз пяць год. Разам з мужам Генрыхам, які, дарэчы, таксама скончыў педагагічную ВНУ, працаўладкаваліся ў васьмігодку вёскі Кушталі. Ён выкладаў матэматыку, а я вучыла дзяцей пачатковых класаў. Настаўнікаў у нас не хапала, таму што мясцовасць была вельмі аддаленая ад райцэнтра, знаходзілася сярод лясоў і бездаражы, таму працаваць прыходзілася ў дзве змены. Праз пяць год настаўніцкай працы ў Кушталях нас з мужам перавялі ў Тадулінскую базавую школу, дырэктарам якой і быў прызначаны мой спадарожнік жыцця. З цягам часу, а менавіта ў 1975 годзе, навучальную ўстанову ўзначаліла я і працавала на пасадзе дырэктара да выхаду на заслужаны адпачынак.

Педагагічны калектыў, настаўнікі — усе жылі і працавалі, дапамагаючы адно аднаму, разам вырашалі надзённыя пытанні і задачы, знаходзілі выйсце з любой складанай сітуацыі. Надзейным тылам была і застаецца сям’я, дзе цеплыню, пяшчоту і любоў заўсёды дарылі і дораць дзеці. Разам з мужам мы вырасцілі, далі пуцёўку ў самастойнае жыццё дочкам Алене і Святлане, якія абралі для сябе прафесію настаўніка, сыну Леаніду, ён працуе ў галіне сельскай гаспадаркі. Радуюць мяне сваімі поспехамі, дасягненнямі ў жыцці сем унукаў, расце маленькая праўнучка.

Не забываюць і былыя вучні. Нечаканым быў прыезд да мяне ў 2014 годзе на Дзень настаўніка былых вучняў, якія пяцьдзясят год назад прыйшлі ў першы клас Кушталёўскай школы. Кожны з іх абраў сваю ўласную жыццёвую дарогу, стаў дастойным чалавекам і грамадзянінам.

З нагоды васьмідзесяцігоддзя начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М. М. Рубацкі і старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Н. І. Баговіч прыслалі Людміле Іванаўне Падзячнае пісьмо, у якім былі такія пажаданні: “Няхай на доўгія гады асвятляюць Ваш жыццёвы шлях прызнанне і любоў Вашых калег і блізкіх, усведамленне дастойнага выканання прафесійнага доўгу!”.

Сяргей РАЙЧОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *